28 лютага на 2-м курсе спецыяльнасці “Міжнароднае права” адбылася структураваная дыскусія, прысвечаная жыццю і творчасці “каралевы дэтэктыўнага жанру”, вядомай англійскай пісьменніцы Агаты Крысці ў рамках аспекта “Хатняе чытанне” на замежнай мове (арганізатар – старшы выкладчык кафедры англійскай мовы. прафесійнай дзейнасці, магістр міжкультурнай камунікацыі С. У. Салаўёва). Дадзенае мерапрыемства таксама наведала загадчыца секцыі першай замежнай мовы на старэйшых курсах спецыяльнасці "Міжнароднае права", старшы выкладчык Э. В. Фядосава ў адпаведнасці з існуючай практыкай узаеманаведвання ў мэтах абмену вопытам і вучэбна-метадычнымі матэрыяламі.
Акрамя абмеркавання насычанай біяграфіі Агаты Крысці і яе творчасці, якая займае дастойнае месца ў агульнасусветнай літаратурнай спадчыне, студэнтам было прапанавана выканаць спецыяльна падабраны старшым выкладчыкам С. У. Салаўёвай комплекс практыкаванняў на замацаванне лексічнага матэрыялу з кароткага апавядання "Нямейскі леў". Папярэдне студэнты азнаёміліся з яго зместам, прачытаўшы на мове арыгінала. Пасля праверкі заданняў на кантроль разумення тэксту дадзенага літаратурнага твора малой формы адбылося абмеркаванне яго каштоўнасна-сэнсавага боку: тэм, ідэй, алюзій, індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцяў галоўных герояў, культурных рэалій краіны вывучаемай мовы і сацыяльна-класавага канфлікту. Варта адзначыць, што падобныя дыскусіі закліканы садзейнічаць развіццю кагнітыўнага аспекту культурнага інтэлекту навучэнцаў.
Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі водгукамі.
«Вывучэнне класікі ў арыгінале пашырае слоўнікавы запас і павялічвае наш культурны ўзровень, а таксама развівае лагічнае мысленне. Было вельмі пазнавальна і цікава!» (Антон Даменікан, 2 курс, спецыяльнасць "Міжнароднае права")
«Мы паспелі разабраць сюжэт твора, даведацца пра новыя факты з біяграфіі аўтара пры праглядзе відэа, пагаварыць пра праблематыку, галоўныя ідэі таго, што мы чыталі. Такія пары робяць курс мовы разнастайным, чаргуючыся з вывучэннем юрыдычных тэм. Дзякуй вялікі Святлане Уладзіміраўне і Эдзіце Валер'еўне за іх уклад у занятак!» (Ксенія Дзяркачоўская, 2 курс, спецыяльнасць "Міжнароднае права")
“Мне вельмі спадабалася тэма дыскусіі. Даведацца факты з біяграфіі Агаты Крысці і прачытаць дастаткова папулярны яе твор было для мяне цікава». (Паліна Заічкова, 2 курс, спецыяльнасць "Міжнароднае права")
Будзем спадзявацца, што прачытанне класікі англійскага дэтэктыва на мове арыгінала аказалася не толькі займальным, але і карысным для развіцця лінгвакраіназнаўчага кругагляду, а таксама папаўнення слоўнікавага запасу нашых студэнтаў. Як сказаў вядомы французскі філосаф Ф. Вальтэр, чытаючы аўтараў, якія добра пішуць, мы прывыкаем добра гаварыць.
Тэкст падрыхтавала старшы выкладчык кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці, магістр міжкультурнай камунікацыі С. У. Салаўёва
{gallery}2023/2023_02_28{/gallery}