Select your language

22 лютага 2023 года пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці С. А. Зудавай адбылася on-line сустрэча студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» з выпускніцамі нашага факультэта 2017 года Чарнавец Варварай і Пронінай Марыяй.

Падчас сустрэчы выпускніцы расказалі, як склалася іх кар'ера пасля навучання ў БДУ, якія навыкі, атрыманыя ва ўніверсітэце, былі для іх найбольш карыснымі, як яны знайшлі працу. Варвара паспела паўдзельнічаць у некалькіх адукацыйных праграмах, у прыватнасці, "Настаўнік для Беларусі", працавала ў музеі "Краіна МІНІ". Цяпер Варвара навучаецца на магістарскай праграме ў Шатландыі ва ўніверсітэце г. Глазга. Марыя пасля ўніверсітэта працавала ў дзяржаўнай арганізацыі, займалася перакладамі. Але ў выніку стала выкладчыкам англійскай мовы і ўдасканальвае сваё педагагічнае майстэрства.

Нашы выпускніцы з падзякай успаміналі час, праведзены ва ўніверсітэце, веды, атрыманыя на занятках па замежнай мове. З усмешкай прыгадаліся спісы фразавых дзеясловаў, удзел у яркіх, маляўнічых, вясёлых і запамінальных мерапрыемствах клуба “Britain and America in Focus”, заняткі па краіназнаўстве, дыскусіі пра манархаў Вялікабрытаніі. Што да карысных навыкаў, атрыманых ва ўніверсітэце, то на першым месцы – камунікатыўны навык і навык крытычнага мыслення.

Па водгуках студэнтаў 3 курса дзяўчыны былі настолькі зараджанымі на пазітыў, што гэта перадалося і аўдыторыі! Цяперашнім студэнтам вельмі цікава было даведацца, як па-рознаму складваецца жыццё, як адбываецца пошук сябе і месца працы, ці далейшай вучобы. Вельмі карыснымі аказаліся парады аб тым, на якія навыкі і веды варта звярнуць увагу падчас вучобы. Студэнты былі рады магчымасці пагутарыць з кімсьці, хто вывучаў такія ж дысцыпліны, пачуць іх меркаванне аб важнасці пэўных прадметаў. Галоўнае, у чым можна было пераканацца – не трэба баяцца спрабаваць нешта новае, займальнае і цікавае! І дзяўчаты гэта паказалі на сваім досведзе!

Для некаторых было вельмі важна пачуць, што гэта нармальна, калі ты пакуль не вызначыўся, што б ты хацеў рабіць у будучыні. Шмат для каго сустрэча паслужыла натхненнем і матывацыяй для вывучэння чагосьці новага ці ўдасканалення, напрыклад, ведаў замежных моў.

Сустрэча атрымалася неверагодна карыснай. Мы ўсе пераканаліся ў неабходнасці бесперапыннага прафесійнага развіцця (CPD - Continuing Professional Development), г.зн. неабходнасці для любога прафесіянала падтрымліваць і ўвесь час развіваць свае навыкі, пашыраць веды, узбагачаць вопыт.