Select your language

17 і 24 лютага кафедра англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці ФМА правяла дзве сустрэчы з чалавекам, які мае унікальны творчы вопыт–- Ангелінай Ляўковіч, паспяховай аспіранткай ФМА БДУ. Сустрэча арганізавана загадчыкам кафедры, дац. С. А. Дубінка і старшым выкладчыкам кафедры М. В. Натуркачом. Магістранты трох спецыяльнасцей ФМА ("Сусветная эканоміка", "Менеджмент", "Мытная справа") мелі выдатную магчымасць падчас сустрэчы-семінара даведацца, як ствараецца гісторыя поспеху маладога спецыяліста. Ангеліна падзялілася з магістрантамі сваім досведам, атрыманым падчас праходжання свайго кар'ернага і адукацыйнага шляху, а яе досвед навучання ў двух універсітэтах (у Лондане і Беларусі) адначасова стаў сапраўдным натхненнем для студэнтаў. Вучоба на факультэце журналістыкі БДУ, Лонданскім універсітэце, магістратуры ФМА БДУ дала грунтоўны багаж ведаў, які Ангеліна вырашыла папоўніць у аспірантуры і прымяніць іх у сваёй прафесійнай дзейнасці: на дадзены момант Ангеліна з'яўляецца загадчыкам аддзела Банка развіцця Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя поспеху Ангеліны – гэта гісторыя ўпартай працы і мэтанакіраванасці. Яна адкрыла свой уласны турыстычны бізнэс у 20 год, што вельмі зацікавіла студэнтаў. Ангеліна таксама падзялілася сваім вопытам пераадолення цяжкасцей і перашкод, з якімі яна сутыкнулася на сваім шляху. Яе мэтанакіраванасць і настойлівасць сапраўды натхнілі студэнтаў на ўпартую працу і імкненне да сваёй мары.

Студэнтаў асабліва зацікавіла, як менавіта Ангеліна адкрывала бізнэс, колькі патрабавалася капіталу, якія былі складанасці. Яна падзялілася каштоўнымі ведамі аб свеце прадпрымальніцтва і кіравання бізнэсам. І ў канцы прызналася, што калі б ведала тое, што ведае цяпер у пачатку свайго шляху, то першапачатковыя ўнескі можна было б скараціць удвая, а то і ўтрая. Студэнты атрымалі шмат ведаў аб тым, што трэба, каб стаць паспяховым прадпрымальнікам, і былі ўдзячныя за магчымасць вучыцца ў такіх паспяховых і мэтанакіраваных людзей.

У цэлым, сустрэчы прайшлі з вялікай цікавасцю, шлях Ангеліны ў кар'еры і адукацыі быў сапраўды натхняльным, і магістранты шмат чаго запазычылі з яе досведу. Кафедра ўдзячная Ангеліне за тое, што яна знайшла час падзяліцца сваёй гісторыяй поспеху з магістрантамі.

Ганна Арлова, магістрант спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"