Аспірантка факультэта міжнародных адносін БДУ Дар'я Богдан распрацавала бясплатны анлайн-курс па касмічным праве. Адукацыйны праект накіраваны на папулярызацыю ўнікальнай галіны права і навучанне любога жадаючага яе асновам. Касмічнае права рэгулюе дзейнасць дзяржаў і прыватных асоб па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, Месяца і іншых нябесных цел, якія з'яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва. Гэта галіна права грунтуецца на міжнародных дагаворах, нацыянальных заканадаўчых актах і актах міжнародных арганізацый.
На анлайн-платформе Google Classroom размешчаны тэарэтычны матэрыял па пяці тэмах: «Уводзіны і крыніцы права», «Здабыча касмічных рэсурсаў», «Статус касманаўтаў», «Рэгістрацыя і запуск спадарожнікаў», «Адказнасць за дзейнасць».
У фармаце прэзентацый, схем, табліц і відэаматэрыялаў у даступнай форме на рускай і англійскай мовах расказваецца аб самых важных аспектах міжнароднага і нацыянальнага касмічнага права, камерцыялізацыі касмічнай дзейнасці, выкарыстанні сыравінных, прасторавых, энергетычных рэсурсаў і інш. Таксама ёсць "Бонусныя ўрокі" аб кампенсацыі шкоды, нанесенай кіберсродкамі, і развіцці сферы касмічных паслуг у Еўразійскім эканамічным саюзе. Пасля вывучэння тэарэтычных матэрыялаў можна ацаніць свае веды, выканаўшы праверачныя тэсты.
Акрамя таго, курс змяшчае раздзел з карыснай тэматычнай літаратурай, дзе размешчаны электронныя кнігі і навуковыя публікацыі.
«Адукацыйная праграма стала вынікам працы «Школы касмічнага права» на ФМА, адкрытай у 2018 годзе, – адзначае Дар'я. – У перыяд пандэміі мы перайшлі на анлайн-заняткі і пашырылі іх тэматыку. Так з'явілася ідэя стварыць анлайн-курс, слухачамі якога, як я з радасцю назіраю, становяцца ўсе жадаючыя незалежна ад іх месца навучання і знаходжання».
Адзначым, Дар'я Богдан у складзе каманды ФМА БДУ заваявала тытул Чэмпіёна Еўропы і стала ўладальнікам "Лепшай пісьмовай пазіцыі" міжнароднага конкурсу па касмічным праве ім. М. Лахса (2018 г.).
Удзельнікам курса можа стаць любы ахвочы. Для гэтага неабходна мець Google-акаунт і запісацца на курс па спасылцы. Ключ доступу 4v4h3s6.
З дадатковымі пытаннямі да аўтара курса можна звярнуцца па электроннай пошце
Плануецца, што напярэдадні Дня касманаўтыкі, 12 красавіка, адбудзецца вочная лекцыя па найбольш актуальных тэмах развіцця касмічнага права.