Select your language

Гісторыя Сусветнай мытнай арганізацыі (далей СМытА) пачалася з 12 верасня 1947 года, калі трынаццаць еўрапейскіх урадаў, прадстаўленых у Камітэце еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва (англ. Committee for European Economic Co-operation), дамовіліся стварыць Даследчую групу. Гэта група разгледзела магчымасць стварэння аднаго або некалькіх унутрыеўрапейскіх мытных саюзаў на аснове прынцыпаў Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі (ГАТТ).

У 1948 годзе Даследчая група стварыла два камітэты: Эканамічны камітэт (англ.: Economic Committee) і Мытны камітэт (англ.: Customs Committee). Эканамічны камітэт быў папярэднікам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), (англ. Organization for Economic Co-operation and Development (OECD)), Мытны камітэт стаў Саветам мытнага супрацоўніцтва (англ. Customs Co-operation Council (CCC)), (далей – СМС).

Першы даклад Даследчай групы складаўся з 92 старонак і быў апублікаваны ў сакавіку 1948 года, уключаў тры сесіі (10 – 14 лістапада 1947 г., 2 – 6 лютага 1948 г. і 18 – 23 сакавіка 1948 г.).

4 лістапада 1952 года набыла моц Канвенцыя аб стварэнні СМС.

Савет з'яўляецца кіруючым органам СМС-СМытА. Яго першае пасяджэнне («Інаўгурацыйная сесія») адбылося ў  Бруселі 26 студзеня 1953 года, у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сямнаццаці еўрапейскіх дзяржаў.

У 1983 годзе СМС вызначыў 26 студзеня ў якасці прафесійнага свята – "Міжнародны дзень мытніка", прымеркаваўшы гэта да 30 гадавіны з дня правядзення першага пасяджэння.

А. В. Грабеннікаў, старшы выкладчык кафедры мытнай справы, магістр юрыдычных навук