Select your language

У снежні 2022 г. у выдавецтве "Права і эканоміка" выйшла манаграфія прафесара кафедры міжнародных адносін У. Е. Снапкоўскага "Саюзныя рэспублікі і савецкая дыпламатыя: з гісторыі барацьбы СССР за першапачатковае членства УССР і БССР у ААН (1943 - 1945 гг.)" . Мінск, «Права і эканоміка», 2022. 366 с.

Кніга выйшла пад грыфамі трох устаноў: БДУ, Інстытута Еўропы РАН і Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя А. А. Грамыка. Манаграфія, напісаная ў жанры гісторыка-дыпламатычнага даследавання з прыкладаемым комплексам дакументаў і матэрыялаў, асвятляе асноўныя падзеі дыпламатычнай гісторыі Другой сусветнай вайны, звязаныя з праблемай міжнароднага прадстаўніцтва і першапачатковага членства рэспублік Савецкага Саюза ў ААН. Праведзенае даследаванне адкрывае новую старонку ў вывучэнні гісторыі савецкай дыпламатыі і знешнепалітычнай дзейнасці былых саюзных рэспублік, Украінскай ССР і Беларускай ССР, якія сталі незалежнымі дзяржавамі.

Прадмову да кнігі напісаў дырэктар Інстытута Еўропы Расійскай Акадэміі навук, старшыня Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя А.А. Грамыка, член-карэспандэнт РАН Аляксей Анатольевіч Грамыка, які адзначыў, што работа вядомага беларускага вучонага, заснавальнік навуковай школы знешнепалітычнай гісторыі Беларусі У. Е. Снапкоўскага, "служыць яркім прыкладам плённага ўзаемадзеяння расійскіх і беларускіх навукова-адукацыйных арганізацый". Для факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выдадзеная работа з'яўляецца першым паспяховым вопытам рэалізацыі выдавецкага праекта з адным з вядучых цэнтраў акадэмічнай навукі Расійскай Федэрацыі.