Подождите, идет загрузка сайта ...

15 снежня кафедра рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці арганізавала і правяла святочнае мерапрыемства "Сем адценняў Каляд". Сімвалічна, што назва свята адпавядае 7 замежным мовам, якія выкладаюцца на кафедры: іспанская, французская, італьянская, партугальская, нямецкая, польская, шведская.

Мерапрыемства, прысвечанае Калядным і навагоднім святам, якое стала ўжо традыцыйным на кафедры, сёлета прайшло ў выглядзе Каляднага кірмашу забаў, падарыўшы яркія эмоцыі як яго ўдзельнікам, так і арганізатарам. Госці свята змаглі бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі Каляд у Германіі, Швецыі, Польшчы, Іспаніі і краінах Лацінскай Амерыкі, Бразіліі і Партугаліі, Францыі, Італіі, а таксама раскрыць свае таленты і здольнасці ў творчых заданнях, патрэніраваць свае іншамоўныя маўленчыя навыкі. На свяце працавала песенная майстэрня "FIR-Band!", праходзіў конкурс Каляднага печыва.

На калядным выступленні майстэрні "FIR-Band!" студэнты, якія вывучаюць замежныя мовы кафедры, прадставілі 7 музычных кампазіцый, прысвечаных надыходзячым святам. Апроч студэнтаў ФМА мерапрыемства наведалі і ўнеслі свой уклад у працу песеннай майстэрні госці з ліцэя БДУ Хлыстова Валерыя і Грук Дар'я.

У конкурсе Каляднай выпечкі мог паўдзельнічаць кожны ахвочы і здзівіць гасцей сваім кулінарным шэдэўрам, створаным у традыцыях краіны, замежная мова якой вывучаецца. Пераможцамі конкурсу сталі Захаркевіч Дар'я і Крупская Уладзіслава (3 МТ) са сваім арыгінальным тортам з не менш арыгінальнай назвай "Baumkuchen" (першае месца); Каленік Ганна (3 МС) са сваёй Каляднай выпечкай пад назвай «Parrozzo» (другое месца); Корзун Анастасія, Кузняцова Анастасія, Міснік Ілля са сваёй цікавай стравай пад назвай «Arbol de Navidad». Яшчэ адзін калектыўны прыз дастаўся групе 2 курса МС за іх шакаладны пірог пад назвай "Ноч перад Калядамі".

Крэатыўны падыход арганізатараў і ўдзельнікаў свята, багацце маляўнічых матэрыялаў і цікавых заданняў Каляднай віктарыны, духмяныя пахі дамашняй выпечкі, радасныя песні дазволілі з галавой акунуцца ў атмасферу мерапрыемства і нікога не пакінулі абыякавым.

Інфармацыю падрыхтавалі: Сіняўская Ю.І., ст. выкладчык і Ядчанка К.І., дацэнт кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці

 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках