На кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці прайшоў шэраг сустрэч з выпускнікамі факультэта міжнародных адносін.
1 снежня 2022 года адбылася сустрэча студэнтаў 1 курса спецыяльнасці "Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)" з выпускнікамі 2022 года ФМА БДУ спецыяльнасці "Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)" Веранікай Якімавай і Арцёмам Замарацкім. Ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы выступіла старшы выкладчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Ірына Пятроўна Валовікава. Вераніка і Арцём падзяліліся з першакурснікамі ўспамінамі, уражаннямі і лайфхакамі студэнцкага жыцця, звярнулі асаблівую ўвагу на ролю замежнай мовы ў іх прафесійнай дзейнасці і расказалі пра магчымасці працаўладкавання па спецыяльнасці.
2 снежня 2022 года адбылася сустрэча з выпускніцай 2020 года ФМА БДУ спецыяльнасці "Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)" Ксеніяй Саўчанка. Арганізатарамі сустрэчы выступілі выкладчыкі кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці Марыя Фёдараўна Арсенцьева і Алена Уладзіміраўна Тарасевіч, удзельнікамі з'яўляліся студэнты 2 і 3 курсаў спецыяльнасці "Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)".
Сустрэча праходзіла ў фармаце размовы. Ксенія Саўчанка расказала пра сваё студэнцкае жыццё, працаўладкаванне пасля заканчэння ўніверсітэта, выкарыстанне нямецкай і англійскай мовы ў прафесійнай дзейнасці, а таксама падзялілася парадамі, якія дапамогуць цяперашнім студэнтам у вучобе. Ксенія дэталёва спынілася на тым, як важна засвойваць усю інфармацыю, якую падаюць выкладчыкі, паколькі кожны элемент вывучаемай дысцыпліны ва ўніверсітэце, безумоўна, важны ў будучай кар'еры і прафесійнай дзейнасці. Многія студэнты грэбуюць дадзенымі рэкамендацыямі, аднак выпускніца ФМА даказала марнасць такога падыходу. Удзельнікі сустрэчы задавалі пытанні, якія датычацца вывучэння нямецкай мовы, занятасці ў сферы турызму, аспектаў размежавання моў пры валоданні некалькімі замежнымі мовамі.
Студэнткі 3 курса спецыяльнасці «Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)» Дар'я Прыходзька і Кацярына Галаўко падзяліліся сваімі водгукамі аб сустрэчы:
«У рамках дадзенай сустрэчы было вельмі цікава паразмаўляць з выпускніком нашай спецыяльнасці, які літаральна некалькі гадоў таму быў па адзін бок з намі цяпер. Гэта надало больш упэўненасці і ўсвядомленасці таго, што ты робіш і якая твая мэта вучобы ва ўніверсітэце. Пасля сустрэчы яшчэ больш захацелася вывучаць нямецкую мову, каб не адчуваць цяжкасцяў пры зносінах з носьбітамі мовы з нямецкамоўных краін, а таксама, калі нямецкая мова будзе асновай будучай прафесіі. Вялікі дзякуй нашым выкладчыкам за такую магчымасць» (Дар'я Прыходзька).
«Такія сустрэчы натхняюць і матывуюць... Тэма сустрэчы з Ксеніяй вельмі актуальная і надзённая. Гэта вельмі класна, што ўніверсітэт, у прыватнасці кафедра рамана-германскіх моў, дае такую магчымасць запрасіць былых студэнтаў, выпускнікоў нашай спецыяльнасці, каб яны падзяліліся з намі сваім вопытам вучобы, пошукам будучай працы, рэалізацыі сябе для дасягнення жаданых мэт. Было вельмі прыемна атрымаць словы падтрымкі ад Ксеніі, якія дапамагаюць з поўнай упэўненасцю рухацца далей на шляху да выніку здзяйснення сваіх жаданняў. Я б з вялізным задавальненнем наведала ў далейшым такія сустрэчы яшчэ раз!» (Кацярына Галаўко).
Завяршылася сустрэча наказам ад Ксеніі: усяго жаданага ў жыцці можна дасягнуць, галоўнае – старанна працаваць, прытрымліваючыся сваіх мэтаў, і не грэбаваць магчымасцямі, якія дае студэнтам вучоба ва ўніверсітэце.
Падобнае мерапрыемства прайшло 5 снежня 2022 года ў групе студэнтаў 2 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права". На сустрэчу са студэнтамі прыйшоў выпускнік магістратуры 2022 года Антон Баравікоў. Арганізатарам сустрэчы выступіла старшы выкладчык кафедры Вольга Георгіеўна Швайба. Антон Баравікоў падрабязна распавёў аб сваёй вучобе на ФМА па праграме бакалаўрыяту і магістратуры, растлумачыў пытанні адносна выбару спецыялізацы, якія цікавілі другакурснікаў, і падзяліўся сваім вопытам працаўладкавання і асаблівасцямі сітуацыі на рынку працы ў дачыненні да юрыстаў. Па водгуках удзельнікаў сустрэчы яны змаглі нарэшце разабрацца ў плюсах і мінусах напрамкаў у сваёй спецыяльнасці, адзначылі для сябе неабходнасць удзельнічаць у конкурсах, стажыроўках, каб не страціць магчымасці, якія дае ім факультэт. Сустрэча была вельмі карыснай і канструктыўнай, з рэальнымі прыкладамі і настаўленнямі. Студэнты выказалі пажаданні, каб такія сустрэчы з выпускнікамі, асабліва з тымі, хто працуе па спецыяльнасці, сталі традыцыйнымі, бо дапамагаюць зразумець спецыфіку той ці іншай дзейнасці, правільна выбудаваць траекторыю асобаснага развіцця.