24 лістапада прайшла штогадовая навукова-практычная канферэнцыя "Аграэкатурызм у перыяд сучасных выклікаў: нацыянальны вопыт", якая была арганізавана кафедрай міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ пры падтрымцы Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Асноўнай мэтай канферэнцыі было абмеркаванне сучасных выклікаў у сферы аграэкатурызму і спосабаў іх вырашэння. Да ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаны прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, практыкі, якія працуюць у сферы сельскага і экалагічнага турызму, прадстаўнікі вузаўскай і акадэмічнай навукі, а таксама студэнты і ўсе зацікаўленыя асобы.
Удзельнікаў канферэнцыі віталі дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Мікалаеўна Варановіч, дэкан факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Анатольеўна Дастанка, дацэнт кафедры міжнароднага турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і вядучы эксперт у сферы аграэкатурызму Беларусі Валерыя Анатольеўна Кліцунова.
Работа канферэнцыі праводзілася ў змешаным фармаце. Больш за 70 удзельнікаў з Беларусі, Арменіі, Казахстана і Расіі абмеркавалі сучасны стан і перспектывы развіцця аграэкатурызму.
Пры абмеркаванні прадстаўленых дакладаў удзельнікі сканцэнтравалі сваю ўвагу на пытаннях удасканалення заканадаўства ў сферы аграэкатурызму і ўкаранення інавацый.
Канферэнцыя стала добрай пляцоўкай для абмену думкамі аб праблемах развіцця сельскага і экалагічнага турызму, магчымых варыянтах іх вырашэння; а таксама абмену практычным вопытам прадстаўнікоў аграсядзіб, асацыяцый у сферы сельскага турызму, спецыялістаў па распрацоўцы і ўкараненні IT рашэнняў у сферы турызму.
Асноўнымі тэматычнымі напрамкамі канферэнцыі сталі:
- агляд 20-гадовага вопыту развіцця аграэкатурызму ў Беларусі;
- замежны вопыт развіцця сельскага і экалагічнага турызму, а таксама перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва беларускіх і замежных спецыялістаў і практыкаў;
- укараненне прадуктовых і тэхналагічных інавацый у аграэкатурызме.
Па выніках мерапрыемства будзе апублікаваны зборнік навуковых дакладаў удзельнікаў.