26 кастрычніка 2022 года студэнты 3 курса факультэта міжнародных адносін спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" пад кіраўніцтвам Любові Мікалаеўны Загорскай, старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці (гуманітарныя спецыяльнасці), удзельнічалі ў правядзенні вечарыны, прысвечанай Дню Турэцкай Рэспублікі, якая праходзіла ў Беларускім таварыстве дружбы з замежнымі краінамі.
Мерапрыемства адкрыў вядучы – старшыня таварыства «Беларусь-Турцыя» Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч, пісьменнік і публіцыст. Ён сказаў, што гэтае свята кожны год адзначаецца 29 кастрычніка, паколькі менавіта ў гэты дзень у 1923 годзе Турцыя была абвешчана Рэспублікай. Затым да мікрафона запрасілі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадара Мустафу Азджана, які паведаміў, што 29 кастрычніка 1923 года Мустафа Кемаль Атацюрк афіцыйна і канчаткова абвясціў Турцыю Рэспублікай. Пасля гэтага ў парламенце Турцыі было праведзена галасаванне, па выніках якога Атацюрк быў аднагалосна абраны першым прэзідэнтам Турэцкай Рэспублікі. Пасол падкрэсліў, што залогам поспехаў Турцыі былі і застаюцца адзінства і згуртаванасць нацыі, выказаў надзею аб далейшым плённым супрацоўніцтве ў сферы эканомікі, турызму, адукацыі, гандлю і развіцці міжнародных адносін паміж Турцыяй і Рэспублікай Беларусь.
Выступленне Яўгеніі Рупаковай, намесніка Старшыні таварыства "Беларусь-Турцыя" і палітычнага аналітыка, было прысвечана адукацыйным праграмам і грантам, якія атрымліваюць студэнты ВНУ Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Малады палітык расказала, як штогод дзеці адзначаюць у Турцыі гэтае свята: на стадыёнах у гарадах праводзяцца мерапрыемствы з удзелам навучэнцаў школ. Дзеці замяняюць афіцыйных дзяржаўных служачых і высокапастаўленых асоб у гэты дзень. Нават прэзідэнт Турцыі, прэм'ер-міністр, чальцы кабінета міністраў і губернатары саступаюць на дзень свае месцы дзецям.
На вечарыне прагучалі музычнае віншаванне ў выкананні салісткі Вялікага тэатра Беларусі Марыны Ліхашэрст ("Балеро Алены" з оперы Джузепе Вердзі "Сіцылійская вячэрня", "Рускі раманс"), "Канцэрт для цымбал з аркестрам" Дзмітрыя Смольскага ў выкананні Кацярыны Арашкевіч, музычны падарунак у выкананні выхаванцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі.
Вядучы прадставіў выканаўцу музычнага нумара Вольгу Дамінецкую – студэнтку Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якая падзякавала ўсім удзельнікам і закрыла вечар выкананнем песні "А дзе ты жывеш?". Добразычлівасць, добры настрой удзельнікаў і гасцей стваралі святочную атмасферу мерапрыемства.