Студэнты ФМА і выкладчыкі секцый іспанскай і партугальскай моў кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці прынялі актыўны ўдзел у першым Фестывалі лацінаамерыканскай культуры, які праходзіў з 13 па 22 кастрычніка ў Мінску.
Асноўнай пляцоўкай фестывалю стала мастацкая галерэя "Універсітэт культуры", якая расчыніла свае дзверы для аматараў лацінаамерыканскай культуры. Студэнты і выкладчыкі факультэта наведалі выставу "Палітра фарбаў Лацінскай Амерыкі", на якой былі прадстаўлены фатаграфіі, карціны мастакоў, прадметы рамесніцкага мастацтва Венесуэлы, Нікарагуа, Кубы, Эквадора і Дамініканскай Рэспублікі. Таксама на выставе былі прадстаўлены лепшыя работы па выніках конкурсу "Паэзія праз малюнак", які праводзіўся сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска.
Асаблівую цікавасць да Фестывалю праявілі студэнты 1, 2 і 3 курсаў спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны», 3 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права», 4 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» навучальных груп загадчыка кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці В. У. Сідарэвіч- Стахнавай, старшых выкладчыкаў Ю. І. Сіняўскай, Т.С. Шарупіч, В. Г. Паляшчук.
Акрамя выставы, студэнты наведалі танцавальныя майстар-класы па бачаце, сальсе, мамба, ча-ча-ча, дэгустацыі традыцыйных венесуэльскіх і дамініканскіх страў, кулінарны майстар-клас, а таксама паказы мастацкага і дакументальнага лацінаамерыканскага кіно.
Асобна варта адзначыць Данііла Лузана, студэнта 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", які працаваў валанцёрам у рамках мерапрыемстваў Фестывалю.