18 кастрычніка студэнты 1 і 3 курсаў спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць партугальскую мову, наведалі паказ фільма "На памяць усім — Дорывал Каімі", які прайшоў у "Беларусьфільме" ў рамках Фестывалю лацінаамерыканскай культуры ў Мінску. Паказ кінастужкі быў арганізаваны Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь.
Дорывал Каімі па праве лічыцца адной з ключавых фігур бразільскай культуры. Спявак, кампазітар, паэт, акцёр і мастак, які больш за 70 гадоў прысвяціў творчасці, ён стаў адным з пачынальнікаў стылю боса-нова і з'яўляецца стваральнікам галоўнай музычнай тэмы фільма "Генералы пясчаных кар'ераў", а таксама мелодый тэлесерыяла "Рабыня Ізаура".
На паказе ўдзельнікі таксама змаглі ўбачыць выставу фотамайстроў, якія перадалі праз свае работы каларытныя лацінаамерыканскія краявіды, прыгажосць акіянскіх прастораў, шчыры і аптымістычны характар мясцовых жыхароў.