Важная падзея ў сучаснай гісторыі Кітая – 73-я гадавіна ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі – адзначалася 28 верасня 2022 г. у Доме дружбы.
Вечарына, прысвечаная Дню ўтварэння КНР, сабрала студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, членаў таварыства дружбы "Беларусь – Кітай" і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Кітая, шануе добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі. У падрыхтоўцы мерапрыемства ад БДУ прыняла ўдзел Загорская Л.М., старшы выкладчык кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці (гуманітарныя спецыяльнасці).
У зале, упрыгожанай дзяржаўнымі флагамі РБ і КНР, прагучалі гімн Дома дружбы і "Паднябесная песня". Вядучая вечарыны, адкрываючы мерапрыемства, нагадала, што Кітай і Беларусь звязваюць маштабныя адукацыйныя праграмы: колькасць навучэнцаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі шматразова павялічылася і ў 2021 навучальным годзе склала больш за 7 тысяч чалавек. У той жа час больш за тысячу беларускіх грамадзян праходзяць навучанне па розных праграмах у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у тым ліку больш за дзвесце з іх – па прадастаўленых кітайскім бокам грантах.
Намеснік старшыні таварыства дружбы "Беларусь – Кітай" Грышкевіч Аліна Тадэвушаўна, аналітык, член Праўлення БелАД Рупакова Яўгенія Аляксандраўна павіншавалі прысутных са святам, адзначыўшы поспехі, дасягнутыя на шляху ўмацавання адносін паміж Кітаем і Беларуссю ў сферы адукацыі, культуры, эканомікі.
З прывітальным словам з нагоды свята выступіў старшыня Асацыяцыі "Мірная Кітайская Кансалідацыя" Чжао Цінцю.
Вечарына праходзіла ў сяброўскай атмасферы: было паказана не адно відэа, прагучала шмат песень, кітайскіх і беларускіх, выконваліся кітайскія народныя танцы, дэкламаваліся вершы на кітайскай і беларускай мовах. Фіналам стала песня "Паднябесная" і - рашэнне ўдзельнікаў вечара адправіць віншаванне з нагоды Дня ўтварэння КНР пасольству Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Усе арганізацыйныя моманты былі пад кантролем І. Комлевай, М. Салянік і А. Паўленка. ДЗЯКУЙ!