Select your language

Традыцыйна ў пачатку верасня студэнтаў-першакурснікаў знаёмяць з будучай прафесійнай дзейнасцю ў рамках дысцыпліны "Уводзіны ў спецыяльнасць". У апошнія гады стала добрай практыкай запрашаць да маладых студэнтаў спецыялістаў-практыкаў.

Так, у новым навучальным годзе перад першакурснікамі спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны" і "Лінгвакраіназнаўства" выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Руслан Алегавіч Есін, які працаваў на гэтай пасадзе ў Японіі з 2017 па 2022 г. (а таксама ў Аўстралійскім саюзе і Новай Зеландыі). Ён пазнаёміў слухачоў са спецыфікай дыпламатычнай работы ў цэлым і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, у прыватнасці.

Перад першакурснікамі спецыяльнасцей "Сусветная эканоміка" і "Менеджмент (напрамак — менеджмент у сферы міжнароднага турызму)" выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сяргей Кімавіч Рахманаў, які акрамя дыпламатычнай службы працаваў першым прарэктарам БДУ, намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на іншых дзяржаўных пасадах. Маладыя спецыялісты даведаліся шмат новага па сваёй будучай прафесіі ад сур'ёзнага спецыяліста-практыка.

Студэнты-мытнікі сустрэліся з намеснікам начальніка Упраўлення арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Святланай Юр'еўнай Новак. У ходзе размовы будучыя мытнікі даведаліся аб напрамках развіцця сучаснай мытнай службы нашай краіны, атрымалі адказы на свае шматлікія пытанні.

На наступным тыдні маладыя юрысты-міжнароднікі сустрэнуцца са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер на рэалізацыю правоў чалавека Аленай Фёдараўнай Доўгань.