У рамках святкавання Дня горада Мінска 9 верасня 2022 г. адбылася прэзентацыя вела-пешаходнага маршруту "Дарогай памяці".
З прывітальным словам выступілі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Мікалаевіч Цуран, старшыня Савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане "Памяць" Уладзімір Ільіч Шокаў і начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максім Казіміравіч Варапай.
Працягласць вела-пешаходнага маршруту "Дарогай памяці" – больш за 8,5 км. Старт адбыўся ад вострава Мужнасці і Смутку, фінальная кропка – тэрыторыя былога канцлагера для ваеннапалонных Шталаг-352 у Масюкоўшчыне. На шляху маршруту адбыліся прыпынкі каля ўваходу ў музейна-паркавы комплекс «Перамога», на плошчы Дзяржаўнага сцяга, каля Пакроўскай царквы, падчас кожнай з якіх велатурысты спешваліся і слухалі аповед пра важныя старонкі гісторыі Мінска, яго славутасці.
Да мерапрыемства таксама далучыліся студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ. На мемарыяле ў Масюкоўшчыне ўдзельнікаў сустрэў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме, дацэнт кафедры міжнароднага турызму ФМА Дзмітрый Марозаў. Ён расказаў пра гісторыю лагера, вопыт стварэння аўдыягіда, лічбавай інтэрпрэтацыі гэтай няпростай гістарычнай спадчыны, а таксама перспектывы музеефікацыі тэрыторыі былога Шталага-352. Пасля ўскладання кветак удзельнікі наведалі экспазіцыю Музея подзвігу савецкіх ваеннапалонных пры Крыжаўзвіжанскай царкве.
{gallery}2022/2022_09_09{/gallery}