Select your language

18 мая адбыўся міжкафедральны круглы стол "Выклікі сучаснай сістэмы міжнародных адносін: міждысцыплінарны падыход". Яго арганізатарамі сталі прадстаўнікі Студактыва пры Савеце па НДРСА ФМА. Для ўдзелу ў круглым стале былі запрошаны студэнты трох спецыяльнасцей: "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Сусветная эканоміка", якія прадставілі змястоўныя прэзентацыі, прысвечаныя актуальным праблемам і розным аспектам сучаснай сусветнай палітыкі і эканомікі, гуманітарнага права і правоў чалавека, інтэграцыйных працэсаў, культурнай палітыкі і "мяккай сілы" ў міжнародных адносінах у ХХI стагоддзі.

Каардынатарам круглага стала выступіў студэнт 3-га курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Данііл Лузан, а функцыі мадэратара ўзяў на сябе студэнт 2-га курса гэтай жа спецыяльнасці Павел Ананіч. Абодва з'яўляюцца актыўнымі членамі Студактыва пры Савеце па НДРСА ФМА.

У якасці запрошаных экспертаў ад кафедры міжнародных адносін выступілі прафесары, доктары гістарычных навук Свілас Святлана Францаўна і Фральцоў Уладзіслаў Валер'евіч, ад кафедры міжнародных эканамічных адносін – дацэнты, кандыдаты эканамічных навук Несцерава Анастасія Аляксандраўна і Бацяноўская Кацярына Сяргееўна, ад кафедры міжнароднага права – выкладчык Маршын Паола Леанідавіч і выкладчык-стажор Шарыпіна Ірына Вадзімаўна.

Удзельнікі круглага стала і запрошаныя эксперты сышліся на думцы, што менавіта міждысцыплінарны падыход дае магчымасць сфарміраваць найбольш цэласнае і сістэмнае ўяўленне аб сутнасці міжнародных адносін у іх цеснай узаемасувязі з развіццём сучаснага міжнароднага права і актуальнымі працэсамі ў сусветнай эканоміцы. Правядзенне круглага стала паслужыла яшчэ адным стымулам для прасоўвання міждысцыплінарных даследаванняў на ФМА з прыцягненнем нашых студэнтаў – будучых маладых вучоных-міжнароднікаў.

{gallery}2022/2022_05_18_03{/gallery}