Select your language

У рамках чарговага паседжання Клуба «Творчая майстэрня перакладчыка» 20 мая 2022 г. быў арганізаваны трэнінг па выкарыстанні перакладніцкага скорапісу.

Кожны перакладчык калі-небудзь сутыкаецца з вусным перакладам, а разам з гэтым і з цяжкасцямі, звязанымі з гэтым відам дзейнасці, з неабходнасцю апрацаваць вялікую колькасць інфармацыі за кароткі час і падаць як мага больш дакладны пераклад. Але што здарыцца, калі перакладчык паспрабуе ахапіць усё і адразу?! Забудуцца даты, лічбы, уласныя імёны, геаграфічныя назвы ці іншая важная інфармацыя. Але каб гэтага не адбылося, каля стагоддзя таму была вынайдзена перакладчыцкая тэхніка запісу, якая на сённяшні дзень дапамагае перакладчыкам па ўсім свеце.

Што ж такое тэхніка запісу ў перакладзе і як яна выкарыстоўваецца на практыцы? На гэта і многія іншыя пытанні пастараліся адказаць мадэратары мерапрыемства студэнты 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Шніткова Дар'я і Ляшкевіч Крысціна.

Універсальны перакладчыцкі скорапіс – гэта сістэма дапаможных запісаў, якую выкарыстоўвае перакладчык падчас выканання паслядоўнага перакладу. Валоданне гэтай тэхнікай дапамагае перакладчыку ў пісьмовай форме выкласці найбольш складаныя моманты для перакладу (даты, лічбы, уласныя імёны, геаграфічныя назвы). Валоданне перакладчыцкім скорапісам з'яўляецца важным навыкам для перакладчыка, бо забяспечвае адносную гарантыю дакладнасці і паўнату перакладу зыходнага матэрыялу.

Ва ўніверсальным перакладчыцкім скорапісе неабходна фіксаваць галоўнае, захоўваць ключавыя словы, вычляняць апорныя пункты памяці, сэнсавыя вехі, рэльефныя словы, абавязкова запісваць прэцызійную лексіку. Важна ў запісе перадаваць мадальнасць выказвання і лагічныя сувязі паміж элементамі.

Перакладчыцкі скорапіс індывідуальны для кожнага перакладчыка, аднак ёсць пэўныя правілы, на якія абапіраецца УПС: выкарыстанне абрэвіятур, выкарыстанне асаблівых сімвалаў, вертыкальнае размяшчэнне запісаў, выкарыстанне скарочанага літарнага запісу.

А. В. Тучынскі, дацэнт кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці