Select your language

18 мая 2022 г. на факультэце міжнародных адносін адбылося ўрачыстае адкрыццё імянной аўдыторыі доктара гістарычных навук, прафесара Мечыслава Эдвардавіча Часноўскага (1948–2021).

Памятнае мерапрыемства прайшло з удзелам кіраўніцтва факультэта, прадстаўнікоў студэнцтва, родных і калег прафесара.

Дэкан факультэта Алена Анатольеўна Дастанка адзначыла, што адкрыццё імянных аўдыторый стала важнай традыцыяй на нашым факультэце, гэта даніна павагі і памяці тым людзям, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне і развіццё факультэта, універсітэта і адукацыі ў цэлым.

У сваім відэазвароце сын Мечыслава Эдвардавіча, Аляксандр Часноўскі, выпускнік ФМА, выказаў словы ўдзячнасці і пашаны адміністрацыі факультэта за ініцыятыву адкрыцця імянной аўдыторыі і адзначыў, што палову сваёй працы ў БДУ яго бацька прысвяціў менавіта ФМА.

18 мая 2022 г. прафесару М. Э. Часноўскаму магло б споўніцца 74 гады. Больш за сорак гадоў вядомы вучоны прысвяціў сваёй Alma Mater – Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Апошнія 7 гадоў ён працаваў загадчыкам кафедры міжнародных адносін ФМА БДУ. Студэнты 3 і 4 курсаў кафедры міжнародных адносін у прэзентацыі падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Мечыслава Эдвардавіча як пра выкладчыка, настаўніка, навукоўца і проста цудоўнага чалавека.

У рамках урачыстага адкрыцця імянной аўдыторыі сваімі ўспамінамі пра сябру, калегу, а таксама пра сумесную дзейнасць падзяліліся прафесар, доктар гістарычных навук Аляксандр Віктаравіч Шарапа, доктар гістарычных навук, прафесар Уладзімір Еўдакімавіч Снапкоўскі, загадчык кафедры міжнародных адносін, доктар палітычных навук Юліяна Ігараўна Малевіч. Усе адзначылі высокі прафесіяналізм, інтэлігентнасць, дабрыню, справядлівасць, уважлівае стаўленне да студэнтаў і супрацоўнікаў Мечыслава Эдвардавіча.

Калегі і вучні назаўжды запомняць прафесара М. Э. Часноўскага як чалавека адкрытага, чулага, справядлівага, які паважліва ставіўся да ўсіх – ад студэнта да калегі-прафесара.

Словы шчырай удзячнасці прагучалі ў выступленні жонкі Ніны Іванаўны. Успамінамі аб жыцці і дзейнасці прафесара падзялілася яго сястра Яніна Эдвардаўна. З цеплынёй і гонарам яна расказала пра працавітасць свайго брата, пра павагу да сваіх бацькоў, родных і блізкіх.

У аўдыторыі прадстаўлены навуковыя працы прафесара, фотавыстава, якая адлюстроўвае творчы шлях Мечыслава Эдвардавіча.

Адкрыццё імянной аўдыторыі Мечыслава Эдвардавіча Часноўскага стала яшчэ адным элементам фармавання гісторыі і традыцый ФМА БДУ.

{gallery}2022/2022_05_18{/gallery}