12 мая студэнты 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць партугальскую мову, наведалі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь.
Дарадца-пасланнік пасольства Ігар Флавіа дэ Агіар Жэрмана сардэчна прыняў гасцей. Спадар Ігар вёў гутарку на партугальскай мове, расказваючы пра бразільскую культуру, музыку, традыцыі, і дэманстраваў нацыянальныя бразільскія інструменты, навучаючы гульні на іх.
Студэнтам удалося праявіць і сваю ініцыятыву: яны развучылі рухі для флэшмобу пад бразільскія рытмы і дакрануліся да найвялікшых літаратурных твораў Бразіліі.
У сяброўскай абстаноўцы ўдзельнікі сустрэчы не толькі пазнаёміліся з бразільскай музычнай культурай, але і развучылі некалькі песень («Mas que nada», «Esperando na Janela», «Pais tropical», «Taj Mahal»), якія плануецца выканаць на канцэрце, прымеркаваным да Дня Незалежнасці Бразіліі, што мае адбыцца сёлета ў верасні ў Мінску.
Штогод 7 верасня ў Бразіліі адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (парт. o'Dia de Independência do Brasil). Менавіта 7 верасня 1822 года Бразілія абвясціла незалежнасць ад Партугаліі. У гэтым годзе Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь плануе арганізацыю святочнага канцэрта, у якім запрошаны прыняць удзел студэнты ФМА, якія вывучаюць партугальскую мову.
Марыя Гедзімін, студэнт 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны",
Ю.І. Сіняўская, ст. выкладчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці
{gallery}2022/2022_05_12{/gallery}