Select your language

Пасяджэнне клуба англійскай паэзіі "The Music of Poetry" пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці Міцевай Таццяны Паўлаўны адбылося ў канцы красавіка. На гэты раз паседжанне было прысвечана амерыканскай паэзіі (In Touch with American Poetry). З лекцыяй у клубе выступіла прафесар МДЛУ Рагачоўская Марына Станіславаўна – часты госць клуба. Студэнты заўсёды чакаюць з нецярпеннем сустрэчы з ёю. Рагачоўская Марына Станіславаўна, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры замежнай літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Мае больш за 170 навуковых публікацый на англійскай, рускай і беларускай мовах, у тым ліку тры манаграфіі па замежнай літаратуры. Яна ўвесь час выступае на Міжнародных літаратуразнаўчых канферэнцыях, чытае курсы замежнай літаратуры і мастацкага перакладу.

Спачатку лектар пазнаёміла аўдыторыю з рознымі жанрамі паэзіі і расказала пра тое, што паэзія мае параўнальна нядоўгую гісторыю. Аднак, калі мы звернемся да вуснай творчасці індзейцаў, якія засялялі Амерыку задаўга да пасяленцаў з Еўропы, можна ўжо казаць аб зародках паэтычных формаў у іх малітвах і ў зваротах да прыроды. Сур'ёзная размова ішла таксама пра такіх вядомых аўтараў, як Генры Лангфелло, Эмілі Дзікінсан, Эдгар По, Марк Стрэнд і інш. Творы гэтых аўтараў змяшчаюць матывы смерці і неўміручасці, апісанні побыту і дзікай прыроды, развагі аб сяброўстве і каханні. У амерыканскай паэзіі ёсць усё – лірызм, містыка, эксцэнтрычнасць, гумар і сатыра; кожны зможа знайсці сабе нешта даспадобы. Прагучалі некаторыя паэтычныя творы і іх пераклады. Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаваннях, адказвалі на пытанні лектара. Паседжанне клуба прайшло ў творчай атмасферы. Напрыканцы паседжання студэнты выказалі вялікую падзяку Марыне Станіславаўне за цікавую сустрэчу.

Запрашаем усіх жадаючых на паседжанні нашага клуба «The Music of Poetry»