21 красавіка студэнты факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта наведалі мерапрыемства "Сустрэча з паслом", на якім ім была дадзена магчымасць паслухаць выступленне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла спадара Франкліна Раміраса Араке.
Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла. На аснове агульных інтарэсаў краіны паспяхова развівалі і працягваюць развіваць палітычныя, гандлёвыя і культурныя адносіны. Спадар пасол прыехаў у Дом дружбы, каб паразмаўляць з моладдзю і расказаць ім пра Венесуэлу, а таксама пра двухбаковыя адносіны з Рэспублікай Беларусь. Нашы студэнты азнаёміліся з агульнымі фактамі аб краіне, уключаючы звесткі аб колькасці насельніцтва, рэлігіі, прыродных аб'ектах і рэсурсах, біяразнастайнасці, навуковай спадчыне і культурным здабытку, запасах карысных выкапняў, а таксама паглядзелі прэзентацыю, у якой было 10 галоўных фактаў аб Венесуэле. У канцы свайго выступу спадар Франклін Рамірас Араке выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж краінамі. Акрамя таго, спадар пасол адказаў на пытанні, якія цікавяць студэнтаў. Па-першае, ён распавёў аб адукацыі і ўніверсітэтах у краіне. Венесуэльская моладзь арыентавана на атрыманне вышэйшай адукацыі, ВНУ прапануюць шэраг спецыяльнасцей на любы густ, але ў топе самых запатрабаваных застаюцца інжынерыя і спецыяльнасці, звязаныя з нафтаперапрацоўкай. Па-другое, была акцэнтавана ўвага на перспектывах супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Венесуэлы ў сферы турызму. Зараз праходзіць планамерная работа ў падрыхтоўцы дакументаў па ўстанаўленні паветраных зносін паміж краінамі. Па-трэцяе, спадар амбасадар згадаў, што Венесуэла будзе спрабаваць пераадольваць абмежавальныя меры, звязаныя з унутраным умяшаннем у дзяржаву, шукаць новыя падыходы і шляхі збліжэння для больш моцнага палітычнага супрацоўніцтва ў будучыні, умацоўваць двухбаковае супрацоўніцтва, тавараабарот, насычаць рынкі прадуктамі і гэтак далей. Безумоўна, ёсць перспектывы і эканамічнага супрацоўніцтва ў фінансавай сферы, паколькі ў планах краін – стварэнне агульнай эканамічнай зоны.
Сустрэча прайшла прадуктыўна, студэнты атрымалі каштоўную інфармацыю аб Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла. На развітанне быў зроблены агульны фатаздымак на памяць аб гэтым выдатным мерапрыемстве.
Старшы выкладчык кафедры англійскай мовы міжнароднай прафесійнай дзейнасці Л. М. Загорская сумесна са студэнтамі ФМА
{gallery}2022/2022_04_21_03{/gallery}