26 красавіка ў рамках Тыдня навукі на ФМА студэнты, якія вывучаюць шведскую як другую замежную мову на спецыяльнасцях «Міжнародныя адносіны» і «Міжнароднае права», прынялі ўдзел у двух мерапрыемствах, арганізаваных выкладчыкамі шведскай мовы кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці.
Падчас віктарыны «Гісторыка-культурныя сувязі Швецыі і Беларусі» юнакі і дзяўчаты праверылі свае веды аб агульнай гісторыі дзвюх краін з часоў "за дзедам шведам", моўных і культурных падабенствах (а вы ведалі, што раней у Швецыі таксама была традыцыя калядавання на Каляды?) , а таксама шведскіх вынаходствах, якімі мы зараз карыстаемся (як абысціся без бяспечных запалак?). Удзельнікі віктарыны таксама пазналі беларускія аналагі для некаторых шведскіх фразеалагізмаў (дзе беларусу галушка па масле, там шведу бутэрброд з крэветкамі).
Як вядома, правільнае ўжыванне ідыём робіць гаворку больш багатай і вобразнай, аднак іх пераклад на іншую мову – задача не з лёгкіх. Менавіта таму быў арганізаваны воркшоп "Пераклад шведскіх ідыяматычных выразаў", падчас якога студэнты пазнаёміліся з распаўсюджанымі шведскімі ідыёмамі. Удзельнікі падбіралі да шведскіх ідыём эквіваленты і аналагі на рускай мове, а пры іх адсутнасці звярталіся да апісальнага перакладу: напрыклад, фраза ha is i magen, якая літаральна азначае "мець лёд у жываце", перакладаецца як захоўваць спакой, а, на першы погляд, дзіўную ідыёму ingen ko på isen (гэта значыць няма каровы на лёдзе) можна замяніць на варыянт не гарыць, гэта значыць не трэба спяшацца.
{gallery}2022/2022_04_26{/gallery}