Select your language

Акцыя, прысвечаная Перамозе савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адбылася 25 красавіка ля мемарыяльнага знака "Стэла памяці" ва ўнутраным дворыку ВНУ. У гэты дзень студэнты і супрацоўнікі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём у знак павагі да подзвігу продкаў усклалі кветкі да помніка і аддалі даніну памяці сумнай хвілінай маўчання.

Таксама ў ганаровую варту ля мемарыяла ВНУ «Стэла памяці» заступілі курсанты ваеннага факультэта БДУ. На працягу 15 дзён да Дня Перамогі яны будуць несці Вахту Памяці.

Нагадаем, ва ўнутраным дворыку ВНУ побач з помнікам размешчана таблічка з QR-кодам анлайн-мемарыяла «Памяць у імя жывых» з інфармацыяй аб героях ваенных гадоў. Усе жадаючыя могуць праз гэтую тэхналогію даведацца пра 67 загінуўшых у гады вайны супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ.

Усяго ў 1941 годзе ў ВНУ вучылася 1400 чалавек, працаваў 151 навуковы супрацоўнік, 210 чалавек адміністрацыйна-тэхнічнага персанала і 90 навучальна-дапаможнага. Такім чынам, агульная колькасць склала 1851 чалавек. Толькі ў першыя дні вайны каля 450 студэнтаў і выкладчыкаў добраахвотнікамі пайшлі на фронт. Эвакуіравацца паспелі толькі 620 чалавек. У горадзе засталіся выкладчыкі і студэнты, большасць з якіх сталі актыўнымі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху. З ліку студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ – удзельнікаў падзей тых гадоў, 12 прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

Крыніца