14 красавіка напярэдадні Тыдня студэнцкай навукі студэнты 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць партугальскую мову, пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Сіняўскай Ю.І. наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Мэтай візіту стала знаёмства з буйнейшым інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка да напісання дакладаў на 79-ю навуковую канферэнцыю студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ФМА БДУ, вывучэнне картатэкі захавальніцы ведаў існуючага фонду на партугальскай мове.
Экскурсія праходзіла па трох паверхах бібліятэкі. Падчас экскурсіі юнакі і дзяўчаты пазнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, яе мастацкім афармленнем, тэхнічным абсталяваннем і архітэктурнымі асаблівасцямі будынка. Асобнай увагі заслугоўвае Музей кнігі. Студэнты даведаліся пра шматвяковыя традыцыі беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі, азнаёміліся з лепшымі ўзорамі друкаванай справы, выдадзенымі на працягу стагоддзяў у розных кутках свету, убачылі жамчужыну калекцыі – кнігі Бібліі (1517–1519) беларускага першадрукара Францыска Скарыны.
Экскурсавод падрабязна расказала аб парадку запісу ў бібліятэку, парадку абслугоўвання ў чытальных залах, правілах карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі, адказала на пытанні навучэнцаў.
Асаблівую цікавасць уяўляе картатэка выданняў на партугальскай мове. На дадзены момант фонд налічвае 386 крыніц на партугальскай мове, многія з якіх могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы да напісання дакладаў для ўдзелу ў секцыях партугальскай мовы 79-ай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ФМА БДУ.
Завяршальным акордам экскурсіі па Нацыянальнай бібліятэцы стала наведванне агляднай пляцоўкі і любаванне цудоўнымі відамі сталіцы і яе наваколля, якія адкрываюцца з вышыні 73 метраў. Пасля чаго ў кавярні бібліятэкі навучэнцы абмеркавалі тэмы сваіх выступаў на навуковай канферэнцыі, падзяліліся ўражаннямі ад экскурсіі.
Варта адзначыць, што арганізацыя такіх мерапрыемстваў садзейнічае з'яўленню цікавасці ў студэнтаў да атрымання новых ведаў, фарміраванню згуртаванасці калектыву, што ў будучым вызначае ступень засваення вучэбнага матэрыялу, эфектыўнасць работы выкладчыка з групай.
Сіняўская Ю.І., ст. выкладчык кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці
{gallery}2022/2022_04_14{/gallery}