Select your language

31 сакавіка – 2 красавіка 2022 г. на факультэце прайшла Школа будучых эканамістаў-міжнароднікаў для школьнікаў, арганізаваная кафедрай міжнародных эканамічных адносін.

Юрава Наталля Вячаславаўна, загадчык кафедры міжнародных эканамічных адносін, у сваім выступленні перад абітурыентамі акцэнтавала ўвагу на тых аспектах, якія з'яўляюцца важнымі пры прыняцці рашэння аб паступленні на наш факультэт, расказала пра ўсе перавагі і плюсы навучання, пра магчымасці і перспектывы, якія адкрываюцца перад студэнтамі ФМА . Таксама яна ахарактарызавала асноўныя напрамкі дзейнасці кафедры, звярнула ўвагу на адрозненні навучання ў школе і ўніверсітэце, адзначыла асаблівасці спецыяльнасці "Сусветная эканоміка".

Наталля Вячаславаўна прачытала ўдзельнікам Школы невялікую лекцыю па актуальных праблемах сусветнай эканомікі, дзякуючы якой школьнікі змаглі даведацца шмат новага і атрымаць больш комплекснае ўяўленне аб тым, што вывучаецца ў рамках навучання на спецыяльнасці "Сусветная эканоміка".

Старэйшы выкладчык Хмуровіч Ларыса Уладзіміраўна звярнула ўвагу на практычныя аспекты, звязаныя з працай па спецыяльнасці "Сусветная эканоміка". Таксама яна выступіла мадэратарам дыскусіі "Чаго я чакаю ад ФМА і кім бачу сябе пасля заканчэння вучобы?", падчас якой школьнікі паспрабавалі больш выразна сфармуляваць для сябе матывы і аргументы выбару спецыяльнасці.

Больш цікавай і інфарматыўнай праведзеную сустрэчу са школьнікамі зрабіў удзел студэнтаў спецыяльнасці «Сусветная эканоміка». У сваёй прэзентацыі яны расказалі аб мерапрыемствах, якія штогод праводзяцца на факультэце, адкрыўшы школьнікам дзіўны і захапляльны свет студэнцкага жыцця. Значную цікавасць у будучых абітурыентаў выклікала і падрыхтаваная студэнтамі "Свая гульня" на эканамічныя тэмы.

Кафедра міжнародных эканамічных адносін дзякуе Алейнік Лізавеце, Гур'янавай Дар'і, Кургуз Лізавеце, Лаўрэнавай Лізавеце, Мушуруй Ангеліне, Панкратовіч Анастасіі і іншым студэнтам 1 курса за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Школы БЭМ.

У завяршэнні прысутным абітурыентам былі ўручаны сертыфікаты аб удзеле ў Школе будучых эканамістаў-міжнароднікаў, а таксама памятныя падарункі.

Будзем рады бачыць усіх удзельнікаў Школы БЭМ у шэрагах студэнтаў спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"!

Кафедра міжнародных эканамічных адносін