23 сакавіка на кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці было праведзена мерапрыемства, прымеркаванае да 30-годдзя дыпламатычных адносін Рэспублікі Беларусь з еўрапейскімі дзяржавамі, на якім былі прадстаўлены культуры Германіі, Польшчы і Швецыі.
У рамках свята студэнты змаглі наведаць станцыі, на якіх ім былі прапанаваны захапляльныя заданні, віктарыны і конкурсы. Усё гэта дазволіла ім больш даведацца пра славутыя мясціны, асаблівасці культуры гэтых краін. Колькасць лакацый з заданнямі была настолькі разнастайнай, што кожны, не выязджаючы за мяжу, змог палюбавацца старажытнымі замкамі Германіі, даведацца пра рэцэпт традыцыйнага польскага супу і пачуць неверагодныя гісторыі пра паходы вікінгаў у Швецыі.
Падобны фармат мерапрыемства падыходзіць і студэнтам, якія валодаюць замежнымі мовамі, але яшчэ не вельмі дасведчаны аб культурных рэаліях і асаблівасцях еўрапейскіх краін, і тым, хто проста цікавіцца падарожжамі і культурай. Студэнты, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства, адзначылі, што гэта стала для іх магчымасцю паразмаўляць, атрымаць пазітыўныя эмоцыі і замацаваць свае моўныя навыкі. Правядзенне падобных свят на факультэце дапамагае не толькі лепш зразумець еўрапейскія культуры, але і прынесці крыху разнастайнасці ў навучальныя будні.
Матэрыял прадставіла студэнтка 2 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права" Макавік Іна