15 сакавіка 2022 г. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі праводзіла сустрэчу, прысвечаную Дню вызвалення ад асманскіх прыгнятальнікаў і ўваскрашэння балгарскай дзяржавы. Гэтае нацыянальнае свята Балгарыя штогод адзначае 3 сакавіка.
Менавіта ў выніку перамогі Расіі ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў краіна здабыла незалежнасць 3 сакавіка 1878 года падпісаннем Сан-Стэфанскага мірнага дагавору паміж Расіяй і Асманскай імперыяй. За вызваленне Балгарыі змагаліся рускія, беларускія, украінскія, фінскія і румынскія ваяры.
Гэтае мерапрыемства наведалі студэнты 1 курса факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.
Галоўным госцем стаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі Георгі Васілеў. Прадстаўнік Балгарыі расказаў студэнтам аб сваім жыцці ў ролі дыпламата, падзяліўся ўражаннямі аб нашай краіне, падкрэсліў гістарычнае падабенства народаў і адказаў на ўсе пытанні.
Анастасія Альшэўская, студэнтка 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны"
