12 сакавіка магістранты спецыяльнасці "Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў" пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры міжнароднага турызму Гайдукевіча Л. М. правялі выязны тэарэтыка-практычны занятак у Адукацыйным цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС у рамках курса "Бяспека пры арганізацыі масавых падзейных мерапрыемстваў". На занятках таксама прысутнічалі студэнты факультэта міжнародных адносін спецыяльнасцей "Менеджмент у сферы міжнароднага турызму" і "Міжнародныя адносіны".
Навучанне ў цэнтры было пабудавана на прынцыпах забаўляльнай гульні. У аснову пакладзены метады ўключэння навучэнцаў у атмасферу, якая максімальна імітуе надзвычайную сітуацыю, і прынцыпы паглыбленага вывучэння матэрыялу пры павышэнні эмацыйнага ўспрымання мадэляванаых абставін. Усё гэта ствараюць інтэрактыўныя трэнажоры і сімулятары на аснове сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Групу магістрантаў і студэнтаў сустрэў супрацоўнік цэнтра Іван Андрэевіч Вайтовіч. На працягу дзвюх гадзін ён займальна расказваў гасцям аб асновах бяспекі жыццядзейнасці. Афіцэр мадэляваў з экскурсантамі розныя сітуацыі, дэманстраваў тэматычныя ролікі. Занятак атрымаўся насычаным і максімальна пазнавальным: у гасцей была магчымасць прайсціся пад ураганным ветрам, пабываць у ахоўным збудаванні, у задымленым пакоі, а таксама, седзячы на ўтульнай кухні, "перажыць" 8-бальны землятрус. Супрацоўнік МНС вучыў экскурсантаў, як паводзіць сябе пры надзвычайных сітуацыях, расказваў, для чаго ратавальнікі кожную гадзіну ладзяць хвіліну цішыні і г.д.
Асобна варта адзначыць блок "экалагічная бяспека". Навучэнцы "пабывалі" ў лесе з дзікімі пчоламі і змеямі, на вадаёме, пакрытым тонкім пластом лёду, азнаёміліся з такой небяспечнай раслінай, як баршчэўнік.
Як вынік, усе мэты занятку былі дасягнуты, навучэнцы былі поўнасцю ўключаны ў навучальны працэс.
Адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС уяўляе сабой трохпавярховы будынак са склепам агульнай плошчай амаль 11 тыс.кв.м. Цяпер на базе цэнтра размешчана больш за 30 інтэрактыўных навучальных пляцовак па транспартнай бяспецы, бяспецы пры надзвычайных сітуацыях, грамадзянскай абароне, пажарнай і экалагічнай, а таксама крымінальнай бяспецы, здароваму ладу жыцця, небяспечным метэаралагічным з'явам, атамнай і радыяцыйнай, прамысловай бяспецы. Аналагаў такіх цэнтраў у краінах СНД няма.
Студэнты магістратуры спецыяльнасці «Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў» выказваюць словы падзякі дацэнту кафедры міжнароднага турызму Гайдукевічу Л. М. за арганізацыю і правядзенне дадзенага выязнога занятку, а таксама за прафесіяналізм, даступны і цікавы выклад матэрыялаў курса!
{gallery}2022/2022_03_12{/gallery}