Select your language

3 сакавіка на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча з выпускніком спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" 2017 года Віталём Алегавічам Свідзерскім, цяпер спецыялістам аддзела лагістыкі "Беларускай калійнай кампаніі". Сустрэча была арганізавана секцыяй партугальскай мовы кафедры рамана-германскіх моў міжнароднай прафесійнай дзейнасці для студэнтаў, якія вывучаюць партугальскую мову, і прайшла ў 808 аўдыторыі, аформленай пры падтрымцы Пасольства Бразіліі для прасоўвання бразільскай культуры і партугальскай мовы. На сустрэчы прысутнічалі выкладчыкі партугальскай мовы факультэта Шарупіч Т.С. і Сіняўская Ю.І., студэнты спецыяльнасцей "Міжнародныя адносіны" і "Мытная справа".

Падчас свайго выступу Віталь Алегавіч падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра вучобу на родным факультэце, распавёў, як удасканальваўся ў вывучэнні партугальскай мовы, апісаў, як складалася ягоная кар'ера ў «Беларускай калійнай кампаніі». Асобнай увагі заслугоўвае гутарка са студэнтамі аб Федэратыўнай Рэспубліцы Бразілія. Віталь Алегавіч падзяліўся ўражаннямі аб працоўных паездках у Бразілію, падрабязна спыніўся на кухні і менталітэце гэтай лацінаамерыканскай краіны, распавёў пра штаты і гарады, у якіх пабываў.

Адзначым, што сустрэча праводзілася ў фармаце дыялогу, у кожнага з прысутных была магчымасць асабіста задаць пытанне спецыялісту.

ААТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК) — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных мінеральных угнаенняў у свеце і СНД. БКК экспартуе калійныя ўгнаенні ў краіны Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, Афрыкі, Блізкага Усходу, у Кітай і Індыю.