Чарговае пасяджэнне дыскусійнага клуба Debate on FIRe кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцей (кіраўнік – ст. выкладчык, магістр міжкультурнай камунікацыі С. У. Салаўёва) было прысвечана абмеркаванню будучыні брытанскай манархіі. Пасяджэнне праводзілася ў форме гульні-дэбатаў, падчас якой удзельнікі падзяліліся на прадстаўнікоў дзвюх асноўных брытанскіх партый: кансерватыўнай і лейбарысцкай. Удзельнікам ад кожнай каманды неабходна было пераканаць калегію суддзяў у тым, чаму іх бачанне будучыні брытанскай манархіі і прапанаваныя праграмы развіцця Злучанага Каралеўства з'яўляюцца найболей аптымальнымі. Члены абедзвюх каманд таксама размеркавалі паміж сабой наступныя ролі: кіраўніка і намесніка кіраўніка лейбарысцкай і кансерватыўнай партый, іх парламенцкіх арганізатараў, радавога падаткаплацельшчыка, члена каралеўскай сям'і і сакратара дыскусіі. Усім удзельнікам трэба было прытрымлівацца ўсталяванага ліміту часу на свой выступ, што кантралявалася сакратаром дыскусіі.
У выніку ўсе ўдзельнікі гульні-дэбатаў атрымалі вельмі каштоўны вопыт адстойвання і аргументавання свайго пункту гледжання на англійскай мове, і прыйшлі да кансенсусу ў вынесенай на абмеркаванне тэме. Некаторыя водгукі аб пасяджэнні прыведзены ў наступных каментарах студэнтаў-другакурснікаў:
«Дэбаты, несумненна, спадабаліся і пакінулі пасля сябе незабыўныя эмоцыі і ўражанні! Я даведалася шмат новага і цікавага наконт фармальных і рэальных паўнамоцтваў Яе Вялікасці Лізаветы II. Падчас дыскусіі мы сышліся на тым, што Брытанская манархія − гэта ўвасабленне стабільнасці і адзінства народа. Вынік: манархіі − быць! Буду з нецярпеннем чакаць наступнай магчымасці падыскутаваць!» (Яна Ляпёхіна, спецыяльнасць "Міжнароднае права").
"Мне ўдалося глыбей разгледзець Вялікабрытанію як канстытуцыйную манархію, а таксама палепшыць свае камунікатыўныя навыкі!" (Ганна Голубева, спецыяльнасць "Міжнароднае права")
«Дзякуй вялікі за такое мерапрыемства! Тэма дэбатаў была актуальнай, таксама было даволі цікава паслухаць і іншыя пункты гледжання на гэты конт! Несумненна, дзякуючы гэтаму, мае веды па англійскай мове паглыбіліся» (Анастасія Жукавец, спецыяльнасць «Міжнароднае права»)
«Дзякуй актыву клуба за арганізацыю прадуктыўных дэбатаў! Дэбаты дазволілі нам, студэнтам, палепшыць свае навыкі гаварэння, а таксама атрымаць матэрыял для разважанняў!» (Ілона Мішчук, спецыяльнасць "Міжнароднае права").
«Было весяла і разам з тым неверагодна цікава паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве. Падабраная для дэбатаў тэма і ролевы фармат дазволілі нам жыва правесці палеміку і папрактыкавацца ў размоўнай практыцы на замежнай мове» (Глеб Вахоцкі, спецыяльнасць «Міжнароднае права»).
«Дзякуй вялікі за дэбаты! Гэта было вельмі яскравае мерапрыемства, падчас якога мы не толькі папоўнілі свае веды па дадзенай тэме, палепшылі навыкі маўлення і аргументацыі (што вельмі важна для нашай спецыяльнасці), але і змаглі зірнуць на дадзеную праблему з абсалютна розных бакоў! Будзем з нецярпеннем чакаць наступных мерапрыемстваў!!! (Дар'я Галаватая, спецыяльнасць "Міжнароднае права").
Кіраўнік дыскусійнага клуба і актыў (студэнты 2-га курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» Ляпёхіна Яна і Лазаронак Канстанцін) дзякуюць усім удзельнікам дадзенага пасяджэння!
Жадаем усім далейшых здзяйсненняў у авалоданні аратарскім майстэрствам на замежнай мове!
Канстанцін Лазаронак,студэнт 2 курса, спецыяльнасць "Міжнароднае права"