Select your language

23 лістапада 2021 г. на факультэце міжнародных адносін у рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя БДУ, адбылося ўрачыстае адкрыццё імянной аўдыторыі доктара юрыдычных навук, прафесара Юрыя Пятровіча Броўкі (1936–2019).

20 лістапада 2021 г. прафесару Ю.П. Броўцы магло б споўніцца 85 гадоў. Больш за паўстагоддзя вядомы юрыст-міжнароднік прысвяціў сваёй Alma Mater – Белдзяржуніверсіту. Апошнія 25 годоў ён працаваў на кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін і з'яўляўся адным з заснавальнікаў беларускай школы міжнароднага права.

З самага пачатку навуковага шляху Юрыя Пятровіча ў фокусе яго навуковых інтарэсаў былі пытанні міжнароднай правасуб'ектнасці нашай краіны. Усё сваё жыццё ён адстойваў самастойнасць БССР на міжнароднай арэне, а пасля – суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Абедзве яго дысертацыі – і кандыдацкая, і доктарская – прысвечаны гэтым пытанням ("Міжнародная правасуб'ектнасць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі" (1965 г.), "Станаўленне і развіццё міжнароднай праватворчай дзейнасці Беларускай ССР" (1991 г.)).

Уключаны ў склад афіцыйных дэлегацый БССР прафесар Ю.П. Броўка неаднаразова браў удзел у рабоце міжурадавых канферэнцый Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, скліканых з мэтай распрацоўкі і заключэння ўніверсальных міжнародных пагадненняў. Сярод іх канферэнцыі па пытаннях правапераемнасці дзяржаў (Вена, 1977 г.), а таксама марскога права (Жэнева і Нью-Ёрк, 1979 г.).

У ходзе станаўлення Рэспублікі Беларусь як суверэннай і незалежнай дзяржавы Юрый Пятровіч прымаў актыўны ўдзел у навуковых дыскусіях, якія суправаджалі працэс распрацоўкі і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, іншых найбольш значных нарматыўных прававых актаў нашай краіны, у абмеркаванні шматлікіх інтэграцыйных праектаў, якія рэалізоўваліся на постсавецкай прасторы. Выступаў у якасці эксперта ў Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь, Эканамічным Судзе СНД.

Прафесар Ю.П. Броўка пакінуў пасля сябе вялікую навуковую спадчыну: некалькі манаграфій ("Міжнародная правасуб'ектнасць БССР" (1967 г.), "Беларуская ССР – суверэнны ўдзельнік міжнародных зносін (1974 г.)", "Беларуская ССР і прагрэсіўнае развіццё міжнароднага права" (1979 г.). )), шматлікія навуковыя артыкулы па праблематыцы міжнароднай правасуб'ектнасці, міжнароднай праватворчасці, міждзяржаўнай інтэграцыі. Варта таксама адзначыць, што Юрый Пятровіч стаў адным з суаўтараў і навуковым рэдактарам першага двухтомнага айчыннага навучальнага дапаможніка па міжнародным публічным праве (2010–2011 гг.).

Будучы сынам знакамітага беларускага паэта Петруся Броўкі, значную частку свайго часу і энтузіязму Юрый Пятровіч аддаваў захаванню спадчыны бацькі і грамадскай дзейнасці. Больш за 20 гадоў ён кіраваў літаратурным музеем Петруся Броўкі ў г. Мінску, з'яўляўся членам рэдакцыйнай калегіі Збору твораў Народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі ў 9 тамах, рэдакцыйнай рады Беларускай энцыклапедыі.

Калегі і шматлікія вучні назаўжды запомняць прафесара Ю.П. Броўку як чалавека адкрытага, які паважліва ставіўся да ўсіх – ад студэнта да калегі-прафесара, з выдатным пачуццём гумару. Ён быў скарбніцай гісторый з жыцця беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі, а таксама трагічных успамінаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі, праз якія ён прайшоў разам з краінай.

Адкрыццё імянной аўдыторыі Юрыя Пятровіча Броўкі стане значнай часткай традыцый факультэта міжнародных адносін БДУ.

{gallery}2021/2021_11_23{/gallery}