Подождите, идет загрузка сайта ...

22 кастрычніка 2021 г. магістранты спецыяльнасцяў «Сусветная эканоміка» і «Менеджмент» пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцей, дацэнта Святланы Аляксееўны Дубінка прынялі ўдзел у дыпламатычных чытаннях у фармаце круглага стала. Магістранты прадставілі свае прэзентацыі на англійскай мове ў рамках агульнай тэмы “Globalisation: multinational cooperation and tourism industry”.

Ляўковіч Ангеліна ўмела справілася з роляй мадэратара мерапрыемства, а таксама прадставіла прэзентацыю на тэму "Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працэсе развіцця цыфравізацыі банкаўскага сектара краін з малой эканомікай Заходняй і Паўночнай Еўропы і Рэспублікі Беларусь". Яна разгледзела галоўныя тэндэнцыі развіцця інфармацыйных тэхналогій у працэсе цыфравізацыі банкаўскага сектара, надаўшы асаблівую ўвагу інтэрнэт-банкінгу і мабільнаму банкінгу. У прэзентацыі былі таксама абазначаны важнейшыя стратэгічныя прыярытэты ў нашай краіне – пашырэнне асартыменту, якасці і сферы паслуг па лічбавых плацяжах шляхам узмацнення інстытуцыйнай і прававой базы даных паслуг, павышэнне інфраструктурных магчымасцей, забеспячэнне масавасці іх выкарыстання. Важна адзначыць, што Ангеліна не змагла ўдзельнічаць у фармаце face-to face communication з-за хваробы і паспяхова справілася з задачай, працуючы ў рэжыме on-line.

Радамская Вольга ў сваім дакладзе на тэму «Фондавы рынак» зрабіла агляд рынку каштоўных папер і гандлю, падрабязна распавяла аб такіх інструментах фондавага рынку, як акцыі, аблігацыі і канвертоўныя аблігацыі, вылучыўшы іх характарыстыкі і растлумачыўшы асаблівасці. У ходзе выступлення Вольга таксама апісала найбольш важныя перавагі і недахопы інвесціравання ў фондавы рынак.

Сакавец Марыя ў сваім выступленні прааналізавала ўплыў глабалізацыйных працэсаў на турыстычную сферу, адзначыўшы як станоўчыя, так і адмоўныя аспекты. У прэзентацыі былі закрануты праблемы, з якімі індустрыя турызму сутыкнулася падчас глабальнай пандэміі Covid-19.

Ткачова Наталля прысвяціла сваю прэзентацыю міжнародным фінансавым цэнтрам і іх ролі ва ўмовах глабалізацыі. У ходзе выступлення Наталля падкрэсліла, што глабальны фінансавы цэнтр дае магчымасць падтрымліваць стабільны ўзровень эканамічнага росту і з'яўляецца адным са спосабаў вырашэння праблем фінансавага развіцця і інтэграцыі.

Пасля кожнай прэзентацыі была магчымасць задаваць пытанні выступоўцу. Мерапрыемства дазволіла ўсім удзельнікам развіць навыкі публічнага выступлення на англійскай мове.

Сакавец Марыя Сяргееўна, магістрант спецыяльнасці «Менеджмент»