Подождите, идет загрузка сайта ...

17 верасня ў рамках святкавання Дня бібліятэк Беларусі студэнты 2 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права", якія вывучаюць іспанскую мову як першую замежную, правялі выязны занятак у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі са старшым выкладчыкам Ю.І. Сіняўскай.

У рамках занятка прайшла аглядная экскурсія па бібліятэцы з наведваннем агляднай пляцоўкі і музея кнігі. Экскурсія праходзіла па трох паверхах бібліятэкі. Падчас экскурсіі студэнты пазнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, яе мастацкім афармленнем, тэхнічным абсталяваннем і архітэктурнымі асаблівасцямі будынка. Асаблівая ўвага была нададзена гісторыі бібліятэкі, а менавіта таму факту, што з моманту свайго заснавання яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі рэспублікі. Толькі 14 мая 1926 г. бібліятэка была выведзена са складу ўніверсітэта і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку.

Асобна варта адзначыць наведванне музея кнігі. Студэнты даведаліся пра шматвяковыя традыцыі беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі, азнаёміліся з лепшымі ўзорамі друкаванай справы, выдадзенымі на працягу стагоддзяў у розных кутках свету, убачылі больш за 300 унікальных кніжных помнікаў: рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, рэдкія выданні XV–XXI стагоддзяў, а таксама самую маленькую і самую цяжкую кнігі бібліятэкі.

Пасля асноўнай часткі экскурсіі студэнты мелі магчымасць наведаць аглядную пляцоўку, размешчаную ў верхняй частцы вышыннага фондасховішча Нацыянальнай бібліятэкі на вышыні 73 метраў, і палюбавацца цудоўнымі відамі сталіцы і яе наваколля.

Падчас кава-паўзы і наведвання каворкінг-залы студэнты вывучалі гісторыю БДУ і Фундаментальнай бібліятэкі БДУ на іспанскай мове, задалі пытанні выкладчыку. Заняткі прайшлі ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы.