Подождите, идет загрузка сайта ...

13–15 верасня ў рамках Мадэлявання ААН на ФМА БДУ прайшла анлайн-школа «PRO100FIRMUN-UPDATE», прымеркаваная да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У працы школы прынялі ўдзел 60 студэнтаў факультэта міжнародных адносін, гістарычнага, юрыдычнага, эканамічнага, геаграфічнага факультэтаў, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

У рамках мерапрыемства для студэнтаў быў арганізаваны шэраг лекцый і трэнінгаў. У ходзе работы першага дня школы з дакладамі выступілі Кіраўнік офіса Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Ягор Новікаў на тэму «Супрацоўніцтва ААН і Рэспублікі Беларусь: Рамачная праграма супрацоўніцтва на 2021–2025 гг."; Моладзевы амбасадар Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі Яраслаў Аляксееў з дакладам аб Мэтах ўстойлівага развіцця і іх рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Падчас другога дня мерапрыемства Яраслаў Аляксееў распавёў пра ролю моладзі ў рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця і падзяліўся ўласным вопытам. Пасля чаго трэнер па публічных прамовах Аніта Новік у тэорыі і на практыцы раскрыла сакрэты публічных выступаў.

Заключны дзень анлайн-школы быў прысвечаны прэзентацыі Мадэлявання ААН і дэбатаў, удзел у якіх дазволіў удзельнікам акумуляваць і прымяніць на практыцы веды і навыкі, атрыманыя на працягу дзён правядзення анлайн-школы.

Крысціна Ярмак, 3 курс, спецыяльнасць "Міжнароднае права"