14 верасня ў Пасольстве Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія адбылася сустрэча студэнтаў ФМА БДУ, якія вывучаюць партугальскую мову як першую і другую замежную, старшых выкладчыкаў Т.С. Шарупіч і Ю.І.Сіняўскай з Саветнікам-Пасланнікам Ігарам Флавіа дэ Агіар Жэрмана.
На сустрэчы спадар Ігар Флавіа дэ Агіар Жэрмана распавёў пра сваю краіну, асвятліў асноўныя пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія, сацыяльна-эканамічную сітуацыю і асобныя аспекты двухбаковага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, а таксама адказаў на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. З вялікай цікавасцю студэнты слухалі Саветніка-Пасланніка і задавалі пытанні па хвалюючых іх тэмах, а менавіта: пра краіну, культуры, адукацыю і г.д. Удзельнікам мерапрыемства была прапанавана для пачастунка бразільская кава і прысмакі. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Асабліва варта адзначыць фразу Саветніка-Пасланніка: «У кожным граме бразільскага цукру ўтрымоўваецца трохі беларускай солі», што падкрэслівае значнасць экспарту калійных угнаенняў Рэспублікі Беларусь у Федэратыўную Рэспубліку Бразілія.
Таксама на сустрэчы была нададзена ўвага Фестывалю гарадскога мастацтва Vulica Brasil, які праходзіў у перыяд 2014–2017 і 2019 гг. пры падтрымцы Пасольства Бразіліі ў Беларусі, Мінгарвыканкама і Міністэрства культуры Беларусі. Студэнтам дасталіся памятныя паштоўкі з выявамі фасадаў будынкаў г. Мінска, распісаных сусветна вядомымі бразільскімі мастакамі.