Select your language

Вясной 2021 г. у Рэспубліцы Беларусь праходзіў адборачны тур ХХ Сусветнага конкурсу па кітайскай мове «Мост кітайскай мовы». Абсалютным пераможцам стала студэнтка 2 курса факультэта міжнародных адносін спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства» Вера Сасунова. Зараз Вера будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнародным конкурсе ў Кітаі.

Дыплом III ступені атрымаў яшчэ адзін наш студэнт - трэцякурснік спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства» Станіслаў Канавальчык.

«Мост кітайскай мовы» - гэта прэстыжны міжнародны конкурс, які дае студэнтам усяго свету магчымасць прадэманстраваць свае веды па кітайскай мове і культуры Кітая. Арганізатарамі конкурсу ў нашай краіне выступілі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі і Інстытут Канфуцыя МДЛУ.

«Адзін свет - адна сям'я» - так у гэтым годзе гучала тэма конкурсу. Па ўмовах удзельнiкi павінны былі прадставіць журы два відэаролікі, адзін - вусная прэзентацыя па тэме конкурсу, другi - творчы нумар. Сваім талентам і выдатным веданнем кітайскай мовы нашы студэнты змаглі заваяваць сэрцы спрактыкаванага журы і стаць пераможцамі, апярэдзіўшы шматлікіх годных супернікаў. Факультэт міжнародных адносін шчыра віншуе Веру і Станіслава з высокімі вынікамі, дзякуе за дапамогу іх выкладчыкам і жадае Веры поспехаў на міжнародным конкурсе!

 
Вера Сасунова Станіслаў Канавальчык Вiдэа з музычнага конкурса. Выканаўца Вера Сасунова.