Вясной 2021 г. у Рэспубліцы Беларусь праходзіў адборачны тур ХХ Сусветнага конкурсу па кітайскай мове «Мост кітайскай мовы». Абсалютным пераможцам стала студэнтка 2 курса факультэта міжнародных адносін спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства» Вера Сасунова. Зараз Вера будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнародным конкурсе ў Кітаі.
Дыплом III ступені атрымаў яшчэ адзін наш студэнт - трэцякурснік спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства» Станіслаў Канавальчык.
«Мост кітайскай мовы» - гэта прэстыжны міжнародны конкурс, які дае студэнтам усяго свету магчымасць прадэманстраваць свае веды па кітайскай мове і культуры Кітая. Арганізатарамі конкурсу ў нашай краіне выступілі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі і Інстытут Канфуцыя МДЛУ.
«Адзін свет - адна сям'я» - так у гэтым годзе гучала тэма конкурсу. Па ўмовах удзельнiкi павінны былі прадставіць журы два відэаролікі, адзін - вусная прэзентацыя па тэме конкурсу, другi - творчы нумар. Сваім талентам і выдатным веданнем кітайскай мовы нашы студэнты змаглі заваяваць сэрцы спрактыкаванага журы і стаць пераможцамі, апярэдзіўшы шматлікіх годных супернікаў. Факультэт міжнародных адносін шчыра віншуе Веру і Станіслава з высокімі вынікамі, дзякуе за дапамогу іх выкладчыкам і жадае Веры поспехаў на міжнародным конкурсе!
![]() |
![]() |
|
| Вера Сасунова | Станіслаў Канавальчык | Вiдэа з музычнага конкурса. Выканаўца Вера Сасунова. |

