У перыяд з 20 па 21 мая 2021 года на факультэце міжнародных адносін БДУ прайшлі Дні Ізраіля, накіраваныя на знаёмства моладзі з каштоўнасцямі, унікальнай культурай, традыцыямі Ізраіля і яўрэйскага народа. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Наців – Ізраільскі культурны Цэнтр пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль і факультэт міжнародных адносін БДУ.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль Алекс Гольдман-Шайман, дырэктар Наців – Ізраільскага культурнага цэнтра Кацярына Літвак, першы прарэктар БДУ Дзмітрый Георгіевіч Мядзведзеў і дэкан ФМА Алена Анатольеўна Дастанка.
У ходзе мерапрыемстваў Пасол выступіў з лекцыяй для студэнтаў «Ізраіль і геапалітычная сітуацыя на Блізкім Усходзе, знешняя палітыка Ізраіля, адносіны Ізраіля і Беларусі».
Удзельнікі мелі магчымасць сфатаграфавацца на фоне пейзажаў Ізраіля, азнаёміцца з выставай «Нобелеўскія лаўрэаты Ізраіля» і выставай кніг ізраільскіх аўтараў, віртуальна прагуляцца па Старым горадзе Іерусаліма, а таксама паслухаць анлайн лекцыю ізраільскага дыпламата, прафесара Хаіма Корана «Ізраіль і Блізкі Усход: магчымасці і выклікі». Акрамя таго, з лекцыяй пра дэтэктыўную гісторыю стварэння гімна Ізраіля "Аціква" падчас Дзён Ізраіля выступіла першы сакратар амбасады Дзяржывы Ізраіль, дырэктар Наців – Ізраільскага культурнага цэнтра Кацярына Літвак.