Select your language

Сустрэча з сучаснай беларускай пісьменніцай і журналістам Інэсай Плескачэўскай адбудзецца 7 мая ў БДУ (вул. Ленінградская, 20, аўд. 601). Пачатак у 15.00.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя студэнты і супрацоўнікі БДУ.

Інэса Плескачэўская падзеліцца прафесійным вопытам, раскажа пра асноўныя творчыя этапы і кітайскі перыяд ў сваім жыцці. Дарэчы, з 2000 па 2013 год яна працавала ў Пекіне ўласным карэспандэнтам газеты «СБ. Беларусь сегодня». У цяперашні час прадстаўляе газету ў Еўрапейскім Саюзе і жыве ў Чэхіі. На сустрэчы Інэса Плескачэўская раскажа таксама пра дзве свае апошнія кнігі «Як разгадаць Кітай» і «Без жалезнай заслоны».

Інэса Плескачэўская нарадзілася ў 1969 годзе ў Гомелі. Скончыла ў 1993 годзе з чырвоным дыпломам філасофска-эканамічны факультэт БДУ. Працавала ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, у пасольствах Беларусі ў Латвіі і Вялікабрытаніі і была прадстаўлена Каралеве Лізавеце II. З'яўляецца членам Сусветнай федэрацыі журналістаў і пісьменнікаў, якія пішуць аб падарожжах. На яе рахунку пяць кніг і тры даведніка. Аўтар і вядучы трох дакументальных фільмаў у рамках тэлепраекта АНТ «Дыханне планеты»: «Шаолінь – сэрца Кітая», «У пошуках таямнічай Шангры-Ла» і «Матрыярхат народа мосо», а таксама пяцісерыйнага дакументальнага фільма «Алімпійскія іерогліфы», за які ў 2009 годзе ўзнагароджана другой прэміяй «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Лепшы рэпарцёр».

Лаўрэат трох міжнародных журналісцкіх конкурсаў. У 2012 годзе ўзнагароджана медалём Рэспублікі Беларусь "За працоўныя заслугі".

Арганізатарам сустрэчы выступае Клуб перакладчыкаў кітайскай мовы факультэта міжнародных адносін БДУ.