З 5 па 8 красавіка на факультэце прайшла ўжо традыцыйная VI Міжвузаўвская алімпіяда па англійскай мове сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Мытная справа», арганізаваная кафедрай англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў і кафедрай мытнай справы. Сярод удзельнікаў алімпіяды акрамя каманды нашага факультэта былі студэнты з ужо добра знаёмых нам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту з Гомеля, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
У індывідуальным заліку пераможцамі, якія падзялілі першае месца, сталі студэнтка факультэта міжнародных адносін Ксенія Дзялендзік і прадстаўнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яніна Жадзінец. Другое месца прысудзілі ўдзельніку каманды нашага факультэта Дзмітрыю Цвірко, трэцяе месца падзялілі ўдзельніца каманды з Гомеля Анжаліка Аляксеенка і ўдзельніца каманды з Гродна Аляксандра Славінская.
Ксенія Дзялендзік падзялілася сваімі ўражаннямі аб удзеле ў алімпіядзе: «Нам прапанавалі зусім няпростыя заданні. Для мяне самымі складанымі здаліся тэсты на веданне граматыкі англійскай мовы і віктарына, у якой ад нас патрабавалася па ўніформе мытных інспектараў вызначыць краіну, у якой яны працуюць. Акрамя таго, мы павінны былі прааналізаваць і параўнаць, якія антыковідныя меры ўжываюцца і якія змены ўнесены ў рэгламент штодзённай працы мытных органаў гэтых краін. Што да апошняга задання – напісанне эсэ – то для мяне гэта было прыемным выключэннем: я заўсёды любіла паразважаць, выказаць сваё меркаванне ... »
Акрамя пераможцаў у асабістым заліку вызначыліся месцы ў спаборніцтве каманд:
- 1 месца ў каманды ФМА Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
- 2 месца падзялілі каманды Беларускага ўніверсітэта транспарту і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта,
- 3 месца прысудзілі камандам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.
Спецыяльнымі дыпломамі ўзнагароджаны некаторыя ўдзельнікі каманд за выдатнае валоданне англійскай мовай і глыбокія веды ў галіне мытнай справы.
На конкурс былі прадстаўлены відэапрэзентацыі ад кожнай каманды. Журы аднадушна прызнала лепшымі прэзентацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту з Гомеля.
Удзельнікі каманд адзначаюць, што дыстанцыйны фармат правядзення алімпіяды, які прадыктаваны захаваннем эпідэміялагічных мер, ніколькі не паўплываў на актыўнасць удзельнікаў і эфектыўнасць правядзення дадзенага мерапрыемства.
Н. А. Касцёрава, А.С. Тамарына, старшыя выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў
{gallery}2021/2021_04_08{/gallery}