Select your language

29 сакавіка сярод студэнтаў усіх спецыяльнасцяў факультэта міжнародных адносін адбылася фінальная навукова-пазнавальная віктарына бягучага навучальнага года «Хто хоча стаць дыпламатам». Яе арганізатарамі выступілі кафедра міжнародных адносін і творчае аб'яднанне «СТАРТ» «Студэнцкае таварыства: «Актыўныя. Рашучыя. Творчыя!».

Цэлых пяць каманд біліся ў інтэлектуальным паядынку, прадэманстраваўшы эрудыцыю і давёўшы, што яны здольныя ісці да поспеху нават у самай напружанай абстаноўцы. Упершыню для выбару каманды, якая прадстаўляе інтарэсы той ці іншай спецыяльнасці, Савет СТАРТа выкарыстаў адборачную платформу «Кахут». Таму можна сцвярджаць, што спецыяльнасці ФМА у гэтым годзе ўдзельнічалі ў дзвюхэтапнай віктарыне. 

Асноўны этап віктарыны ўтрымліваў выпрабаванні ў рамках чатырох раўндаў. У першым раўндзе каманды супернічалі ў дакладнасці адказаў на самыя каверзныя пытанні аб мегарэгіёнах свету. Другі раўнд з назвай «20-ы год у 20-ці пытаннях» запатрабаваў даць верныя ацэнкі самых нечаканых фактаў з толькі што прайшоўшага высакоснага года, кемлівасць, назіральнасць і візуальная памяць ацэньвалася ў трэцім раўндзе «Медыатур». Заключны раўнд – конкурс капітанаў – дазволіў у сумленнай сутычцы выявіць, хто з лідэраў каманд усё-такі самы эрудыяваны. Змаганне інтэлектуалаў у кожным раундзе аказалася сапраўды нежартоўным, гульня трымала ў напрузе каманды і гледачоў да апошняга моманту.

Каманды годна пераадолелі ўсе бар'еры на «палосах перашкод», адказвалі, хоць і з неаднолькавым поспехам, на розныя каверзныя пытанні. Было нялёгка, але барацьба за першынство таго каштавала! 

Па выніках трох раўндаў 1-е месца заняла каманда «Павераныя ў справах» спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" ў складзе Кучара Мікалая, Ткачэнка Іллі, Лівіндзюк Вольгі, Трапезнікавай Наталлі, Казлоўскага Кірыла, Селюковай Карыны. Яна прадэманстравала найбольш зладжаную гульню і здольнасць аператыўна выкарыстоўваць дапушчаныя супернікамі памылкі. А Мікалай Кучар не дапусціў хібаў і ў чацвёртым раўндзе, заваяваўшы ганаровы тытул "Лепшы капітан" і пераходны прыз віктарыны –- «Саву бліскучую».

Пераможцы віктарыны былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі. Іншыя каманды і іх члены атрымалі сертыфікаты і сувеніры. Годна праведзенае мерапрыемства не падзяліла, а з'яднала і пераможцаў, і прайграўшых ім – як членаў адзінай сям'і ФМА!

Змаганне эрудытаў ацэньвала журы з ліку выкладчыкаў ФМА пад старшынствам прафесара У. В. Фрольцова. У камандзе журы ўжо ў статусе ветэранаў СТАРТа працавалі Юлія Буяноўская і Таццяна Жарыкава – яшчэ ў нядаўнім мінулым члены Савета аб'яднання, якое ўжо стала вядомым у БДУ дзякуючы і іх намаганням.

Падрыхтоўку і арганізацыю мерапрыемства каардынаваў загадчык кафедры міжнародных адносін прафесар М.Э. Часноўскі. Функцыі аргкамітэта з гонарам вытрымаў новаствораны Савет СТАРТа ў складзе Слесаровіча Максіма (старшыня), Велямовіч Іны, Гурыновіча Аляксандра, Клачковай Кацярыны, Макавецкай Кацярыны, Пархоменка Лізаветы, Пузанавай Дар'і, Самедавай Салмі, Шупляк Марыі.

СТАРТ дзякуе ўсім, хто прыняў удзел у нашай навукова-пазнавальнай віктарыне, яшчэ раз віншуе лаўрэатаў і выказвае ўдзячнасць камандам за творчасць і волю да перамогі! 

{gallery}2021/2021_03_29_02{/gallery}