2–3 красавіка 2021 г. на факультэце прайшла Школа будучых эканамістаў-міжнароднікаў для абітурыентаў, арганізаваная кафедрай міжнародных эканамічных адносін. У гэтым годзе яна адбылася і для вочных, і для анлайн-слухачоў.
Старшы выкладчык Хмурович Ларыса Уладзіміраўна пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з гісторыяй кафедры і факультэта, правяла для анлайн-удзельнікаў цікавую віртуальную 3-D экскурсію па факультэце міжнародных адносін. Таксама яна ахарактарызавала асноўныя напрамкі дзейнасці кафедры, звярнула ўвагу абітурыентаў на адрозненні навучання ў школе і ва ўніверсітэце, адзначыла асаблівасці спецыяльнасці "Сусветная эканоміка".
Юрава Наталля Вячаславаўна, загадчык кафедры міжнародных эканамічных адносін, у сваім выступе перад абітурыентамі акцэнтавала ўвагу на тых перавагах, якія маюць асаблівае значэнне для прыняцця рашэння аб паступленні на наш факультэт, распавяла аб усіх вартасцях і плюсах навучання, аб магчымасцях і перспектывах, якія адкрываюцца перад студэнтамі ФМА. Таксама Наталля Вячаславаўна прачытала невялікую лекцыю па актуальных праблемах сусветнай эканомікі, дзякуючы якой школьнікі змаглі даведацца шмат новага і атрымаць больш комплекснае ўяўленне аб тым, што вывучаецца ў рамках навучання па спецыяльнасці "Сусветная эканоміка".
У працы Школы БЭМ прыняў удзел і дырэктар Сумеснага інстытута БДУ і Даляньскага тэхналагічнага ўніверсітэта Саладухін Ігар Анатольевіч, які распавёў аб Сумесным інстытуце і адзначыў асаблівасці і перспектывы навучання на спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" ў рамках СІ БДУ-ДПУ.
Яшчэ больш цікавай і інфарматыўнай праведзеную сустрэчу з абітурыентамі зрабіў удзел студэнтаў спецыяльнасці "Сусветная эканоміка". У сваёй прэзентацыі яны распавялі пра мерапрыемствы, якія штогод праводзяцца на факультэце, адкрыўшы школьнікам дзіўны і захапляльны свет студэнцкага жыцця з іншага боку. Кафедра міжнародных эканамічных адносін дзякуе Буцянко Уладзе, Алейнік Лізавеце, Шабанавай Валерыі, Грэчка Уладзіславе і Анохіну Яўгену за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Школы БЭМ.
У завяршэнні прысутным абітурыентам былі ўручаны сертыфікаты аб удзеле ў Школе будучых эканамістаў-міжнароднікаў, а таксама памятныя падарункі.
Будзем рады бачыць усіх удзельнікаў Школы БЭМ у шэрагах першакурснікаў спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"!
Кафедра міжнародных эканамічных адносін