Партнёрам у супрацоўніцтве кафедры міжнародных адносін стаў «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі». Вобласць узаемных інтарэсаў – падрыхтоўка навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі, гімназій і ліцэяў да рэспубліканскага этапу прадметных алімпіяд. 10 і 23 лютага 2021 г. дацэнт кафедры міжнародных адносін І. І. Кавяка правяла цыкл заняткаў па найноўшай гісторыі ўнутранай і знешняй палітыкі краін Усходу для пераможцаў і прызёраў абласнога этапу. Юныя інтэлектуалы – удзельнікі "алімпійскага руху" – пашырылі свае веды па прадмеце, азнаёміліся з цікавымі і малавядомымі фактамі міжнародных адносін дзяржаў Усходу, а таксама абмеркавалі праблемныя пытанні тэм для вывучэння.
У рамках прафарыентацыйнай работы Ірына Іванаўна пазнаёміла навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў Мінскай вобласці з асноўнымі напрамкамі падрыхтоўкі спецыялістаў на факультэце міжнародных адносін, асаблівасцямі ўступных выпрабаванняў, а таксама прахаднымі баламі мінулых гадоў. Непадробную цікавасць у будучых міжнароднікаў выклікалі шырокія магчымасці ўдзелу ў навуковым і грамадскім жыцці факультэта і ўніверсітэта, перспектывы вывучэння замежных моў і рэалізацыі праграм міжнародных абменаў. Напрыканцы кожны з удзельнікаў сустрэчы атрымаў інфармацыйныя матэрыялы пра ФМА БДУ.
Па выніках працы метадыст вучэбна-метадычнага аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін МАІРА А. В. Майсеенка выказала надзею на працяг плённага супрацоўніцтва паміж інстытутам і кафедрай міжнародных адносін. Застаецца пажадаць юным прадстаўнікам Мінскай вобласці паспяхова выступіць на рэспубліканскім этапе прадметных алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўству, атрымаць запаветныя дыпломы і ў хуткім часе стаць сябрамі дружнай студэнцкай сям'і ФМА БДУ.
{gallery}2021/2021_02_23_02{/gallery}