Select your language

У рамках чарговага пасяджэння Клуба «Творчая майстэрня перакладчыка" 23 лютага 2021 годза быў арганізаваны круглы стол «Практыкаванні для самастойнай працы над развіццём навыкаў вуснага перакладу: карысныя парады».

У сучасным свеце асноўная частка перакладаў ажыццяўляецца ў вуснай форме. Найбольш запатрабаваным з'яўляецца сінхронны пераклад выступленняў і канферэнцый. На вядучых пазіцыях застаецца паслядоўны пераклад з выкарыстаннем запісу пратакольных мерапрыемстваў і сустрэч вядучых сусветных лідэраў. У міжнародных кампаніях ўжываецца пераклад з ліста і паслядоўны пераклад дзелавых сустрэч. Зараз немагчыма ўявіць ні адну міжнародную сустрэчу ў эканамічнай, палітычнай, навуковай ці культурнай сферы без паслуг вуснага перакладчыка.

Вусны пераклад як асаблівы від перакладчыцкай дзейнасці патрабуе асаблівых кампетэнцый ад перакладчыка. Будучы вусны перакладчык павінен валодаць шырокімі фонавымі ведамі ў галіне культуры, гісторыі, палітыкі, побыту, псіхалогіі носьбітаў зыходнай і перакладаемай моў. Іншымі словамі, гэта гатоўнасць да самаадукацыі і пашырэння свайго кругагляду.

Як адзначыла спікер мерапрыемствы Вікторыя Мярзлова (3-ці курс спецыяльнасць "Міжнароднае права"), самастойная праца над развіццём навыкаў вуснага перакладу павінна быць накіравана на фарміраванне перакладчыцкіх кампетэнцый.

У задачы самастойнай работы па вусным перакладзе ўваходзяць: трэніроўка дыкцыі і пастаноўка голасу; трэніроўка памяці і ўвагі; пашырэнне слоўнікавага запасу; інфармацыйная падрыхтоўка.

Немалаважным для паслядоўнага і сінхроннага перакладчыка з'яўляецца добрая дыкцыя, таму неабходна надаваць увагу трэніроўцы выразнай артыкуляцыі на роднай і замежнай мовах. Для гэтай мэты могуць служыць скорагаворкі, а таксама спецыяльныя практыкаванні для развіцця дыкцыі і голаса. Для прапрацоўкі больш выразнай артыкуляцыі гукаў можна выкарыстоўваць наступны метад: узяць у рот арэхі, аловак ці нешта, што нельга праглынуць, але што змесціцца ў роце, і прамаўляць скорагаворку або любы іншы тэкст.

Важным з'яўляецца захаванне паставы і правільнае дыханне, без якіх выразная гаворка немагчымая. Уменне размяркоўваць паветра ў лёгкіх важна для перакладчыка, бо недапушчальна перарываць фразу на сярэдзіне для дабору паветра.

Правільная пастава палягчае працу як органаў дыхання, так і артыкуляцыйнага апарата. Самым простым практыкаваннем з'яўляецца практыкаванне "Стопка кніг": вазьміце некалькі кніг (лепш пачаць з адной), пакладзеце іх на галаву і хадзіце з імі некаторы час. Можна дадаць у гэтае практыкаванне дэкламацыю тэксту. 

У вуснага перакладчыка няма магчымасці ў працэсе ажыццяўлення перакладу карыстацца даведачнай літаратурай ці слоўнікамі, таму яму неабходна добрая памяць. Акрамя таго, перакладчык, у прыватнасці, паслядоўны перакладчык, павінен трымаць у памяці адрэзак тэксту, які ён непасрэдна будзе перакладаць, і ў цэлым увесь свой пераклад, каб не парушаць лагічнай сувязі тэксту. Добрую памяць можна і трэба развіваць. Для гэтага існуе вялікая колькасць прыёмаў, аб'яднаных назвай «мнематэхніка». Самым простым практыкаваннем для трэніроўкі памяці з'яўляецца завучванне на памяць вершаў на роднай і замежнай мовах. Таксама варта назваць наступныя прыёмы:

  • запамінанне малюнка: разгледзьце малюнак на працягу 30-60 секунд, закрыйце і адновіце тое, што было на малюнку;
  • ланцужкі вобразаў: каб запомніць два словы, можна звязаць іх ланцужком вобразаў-асацыяцый, напрыклад: гадзіннік – час – дзень – сонца – неба – воблака. Падобны прыём можна выкарыстоўваць для запамінання шэрагу слоў: іх можна злучыць вобразамі, пабудаваўшы з мі невялікі аповяд, напрыклад: акно – сталь – сцяг – лесвіца – лес; «Я выглянуў у акно і ўбачыў сталёвы слуп, на якім лунаў сцяг. Я ўзяў лесвіцу, зняў сцяг і адвёз яго ў лес»;
  • асацыяцыі: каб запомніць пары слоў, можна звязаць іх наўпрост некаторай асацыяцыяй, напрыклад: самалёт і спіраль можна злучыць вобразам самалёта, які ляціць па спіралі. У гэтым выпадку пры згадванні аднаго слова ў памяці аўтаматычна будзе ўсплываць другое. Асацыяцыі можна ствараць і з лічбамі, што палегчыць іх запамінанне;
  • метад Цыцэрона: выкарыстоўваецца для запамінання вялікага аб'ёму інфармацыі. Першапачаткова ствараецца некаторая матрыца вобразаў, далей кожная ячэйка матрыцы паслядоўна запаўняецца ключавым словам запамінальнай інфармацыі. Вобразы для матрыцы лепш за ўсё браць з добра знаёмай вобласці, гэта можа быць ваш пакой, як у Цыцэрона, рознакаляровыя вагончыкі, дарога, па якой вы кожны дзень ходзіце ва ўніверсітэт і г.д. Кожны элемент матрыцы можна запаўняць не адным словам, а групай слоў, ствараючы паміж імі асацыяцыі;
  • прыём сімвалізацыі: выкарыстоўваецца для запамінання абстрактных паняццяў, якія цяжка звязаць асацыяцыямі. Для абстрактнага слова можна прыдумаць сімвал: холад –«лёд», прыгажосць – «ружа», улада – «карона» і г.д. Гэты ж прыём можна выкарыстоўваць для запамінання замежных імёнаў, якія могуць нагадваць па гучанні словы роднай мовы: Аляска – «калыска», Макрон – «макароны», Асад – «сад» і г.д.

У рамках самастойнай працы неабходна папаўняць свой слоўнікавы запас. Для гэтага завядзіце спецыяльны слоўнік, куды запісвайце словы і словазлучэнні, а таксама сінонімы да іх розных моўных стыляў, вытворныя словы і магчымую спалучальнасць слоў. Папаўняйце слоўнік рэгулярна. Слоўнік можа быць агульным, можа ўяўляць з сябе гласарый да пэўнай тэмы. Словы, занесеныя ў слоўнік, трэба вучыць і адпрацоўваць, выкарыстоўваючы ў маўленні або ў перакладах.

Цяжкасцю для перакладчыка, асабліва вуснага перакладчыка, застаюцца безэквівалентныя лексемы, таму неабходна складаць базу дадзеных імёнаў уласных. Да прыкладу, краіны свету можна ўключыць у табліцу на двух (і больш) мовах, адбіўшы ў ёй наступную інфармацыю: агульнапрынятая назва краіны, афіцыйная назва, сталіца, буйныя гарады, афіцыйная мова, назва жыхароў, грашовая адзінка, сцяг, прыналежнасць да буйных міжнародных альянсаў. Працуючы з назвамі міжнародных арганізацый і/або імёнамі палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў, абавязкова складайце кароткую інфармацыю аб арганізацыі і чалавеку на двух (і больш) мовах, карыстаючыся як крыніцамі на роднай мове, так і замежнымі крыніцамі. Падобная праца, акрамя пашырэння інфармацыйнага запасу перакладчыка, дазволіць выявіць спосабы апісання розных з'яў, прынятыя ў розных мовах, і знайсці міжмоўныя сінанімічныя структуры.

Для ажыццяўлення інфармацыйнай падрыхтоўкі рэкамендуецца штодня слухаць і глядзець навіны. Калі вусны перакладчык у курсе падзей, якія адбываюцца ў свеце ў сферы палітыкі, культуры, эканомікі, спорту і г.д., гэта значна палягчае яму працу, спрыяючы рэалізацыі навыку перакладчыцкага прагназавання або дапамагаючы ажыццяўляць прагматычную адаптацыю тэксту пераклада пры розніцы фонавых ведаў атрымальнікаў арыгінальнага і перакладаемага тэкстаў. Пошук інфармацыі пра незнаёмыя анамастычныя адзінкі або тэмы тэксту для будучага перакладу таксама спрыяе назапашванню інфармацыйнага запасу і развіццю агульнакультурнай кампетэнцыі будучага перакладчыка.

А вось што для развіцця і замацавання навыкаў вуснага перакладу параіла ўдзельнікам пасяджэння яшчэ адзін спікер – Аліна Басалай (3-ці курс спецыяльнасць "Міжнароднае права"):

  • развівайце фанематычны слых праз сістэматычнае праслухоўванне аўдыёматэрыялаў на роднай і замежнай мовах;
  • складайце «інфармацыйныя карткі» пра незнаёмыя паняцці або імёны;
  • заўсёды шукайце больш шырокую інфармацыю, чым патрабуецца па заданні;
  • вучыцеся методыкам зняцця стрэсу і напругі;
  • сачыце за сваім здароўем, бо ад дрэннага самаадчування перакладчыка напрамую залежыць якасць перакладу;
  • выпрацоўвайце сваю аптымальную хуткасць маўлення, інтанацыю і тэмбр голасу;
  • каб голас не гучаў механічна, можна ставіць перад сабой фатаграфію вядомага вам чалавека і ажыццяўляць пераклад, як бы звяртаючыся да гэтага чалавека;
  • для самакантролю і аналізу ўласных памылак і недахопаў пастаянна запісвайце свае пераклады на дыктафон: праслухоўванне запісу дазволіць вам зразумець, над якімі аспектамі вуснага перакладу вам неабходна папрацаваць;
  • распрацуйце найбольш зручную для вас сістэму перакладчыцкага  запісу, але не імкніцеся падчас паслядоўнага перакладу пісьмова зафіксаваць усе аспекты праслуханага тэксту, рабіце пазнакі толькі для фіксацыі прэцызійнай інфармацыі і для абазначэння логікі пабудовы арыгінальнага тэксту.

Каб самастойная, і ў цэлым вучэбная, праца была эфектыўнай, неабходна выконваць наступныя правілы:

  • чаргаваць разумовую працу і фізічныя практыкаванні;
  • арганізаваць рацыянальнае харчаванне;
  • арганізаваць правільны рэжым дня;
  • уваходзіць у працу паступова;
  • выконваць паслядоўнасць у вырашэнні любых спраў;
  • усвядоміць значэнне сваёй працы.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты 3 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права".

Карысная спасылка

А.В. Тучынскі, старшы выкладчык кафедры раманскіх моў

{gallery}2021/2021_02_23{/gallery}