Select your language

Вось ужо і скончыўся для студэнтаў-першакурснікаў першы семестр навучальнага года 2020/2021. Студэнты спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Іван Розум і Елісей Ягораў вырашылі падзяліцца сваімі ўражаннямі аб навучанні на факультэце.

"Першы дзень на факультэце — 30 жніўня. У гэты дзень адбылося першае знаёмства з куратарамі, з аднакурснікамі, мы даведаліся больш інфармацыі аб жыцці факультэта, аб мерапрыемствах, якія тут праводзяцца.

Цяпер мы з упэўненасцю можам сказаць, што тыя людзі, з якімі ты пачаў стасункі ў першыя дні, будуць суправаджаць цябе на працягу ўсіх 4 курсаў. 

Наперадзе нас чакала спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства — Вялікія гонкі. У ім бяруць удзел каманды ўсіх спецыяльнасцяў нашага факультэта. Хацелася б адзначыць, што за час падрыхтоўкі мы больш знаёмімся адзін з адным і знаходзім тых, хто ў будучыні стане тваім верным сябрам. Месца ў камандах было для ўсіх жадаючых, і гэта вельмі важна для кожнага ў прыватнасці, і ў цэлым для ўсяго калектыву.

Завяршыўся першы месяц навучання маштабным забаўляльным мерапрыемствам, якое ўжо стала добрай традыцыяй факультэта — Капуснік ФМА. Мерапрыемства вельмі вясёлае і атмасфернае. У творчым спаборніцтве прымаюць удзел каманды кожнай спецыяльнасці, у склад якіх уваходзяць самыя творчыя. Старшынёй журы з'яўляецца дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Генадзьевіч Шадурскі. І вядома, мы не можам не пахваліцца тым, што менавіта наша спецыяльнасць стала той камандай, што выйграла «Капусту 2020»! 

Студэнты, што ўдзельнічалі ў «Капусніку» (з усіх спецыяльнасцяў), сталі адной згуртаванай дружнай камандай і засталіся такой і пасля завяршэння. Усім тым, хто збіраецца паступаць на факультэт у будучыні, раім паспрабаваць свае сілы і праявіць сябе ўжо ў першыя дні семестра. Як аднойчы трапна выказаўся адзін з нашых куратараў: «Капуста — гэта самыя яркія эмоцыі, якія застануцца з табой на працягу ўсяго жыцця». І цяпер нам цяжка будзе паспрачацца з такім сцвярджэннем.

Мы заўважылі, што ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца на факультэце ў самым пачатку студэнцкага шляху, накіраваны на 2 мэты: згуртаванне калектыву і раскрыццё патэнцыялу студэнтаў — спартыўнага, творчага, навучальнага. 

Семестр быў напоўнены і навуковымі падзеямі. Мы змаглі паслухаць лекцыю намесніка пасла Японіі ў Беларусі, у ходзе якой была дадзеная больш шырокая інфармацыя пра перыяд Эдо і яго ўплыў на развіццё Японскай дзяржавы. Удзельнікі лекцыі атрымалі адказы на ўсе іх пытанні: узаемаадносіны Японіі і ЗША, уплыў Японіі на развіццё Кітая і інш.

Немалаважным быў той факт, што лекцыя праводзілася на англійскай мове. Гэта было вельмі цікава і карысна для паглыблення сваіх ведаў у галіне спецыяльнай лексікі. Удзел у падобным мерапрыемстве — гэта бясцэнны і унікальны вопыт.

Запомнілася сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Пасолом Ірана ў Беларусі. У пачатку свайго выступу амбасадар пажадаў беларускаму народу поспеху і росквіту. У ходзе выступлення патлумачыў сваю прынцыповую пазіцыю ў адносінах да Амерыкі і яе дзеянняў, накіраваных супраць іранскага народа, адказаў на пытанні ўдзельнікаў. Сустрэча была вельмі гарачай, эмацыйнай і пакінула моцнае ўражанне. Станоўчым з'яўляецца і той момант, што студэнты, якія вывучаюць фарсі на факультэце, змаглі папрактыкавацца і задаць пытанне на гэтай мове.

У анлайн фармаце мы пазнаёміліся з такім знакамітым палітыкам як Пётр Кузьміч Краўчанка. Гэта менавіта той чалавек, які меў дачыненне да падпісання Белавежскіх пагадненняў аб скасаванні СССР і стварэнні СНД. Ён падзяліўся малавядомымі фактамі і распавёў мноства запамінальных гісторый. Адной з іх была гісторыя пра былога прэзідэнтам Казахстана Нурсултана Назарбаева і яго пазіцыі. 

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што гэты семестр быў напоўнены не толькі прадуктыўнай вучобай, але і навуковымі, творчымі, спартыўнымі мерапрыемствамі, сустрэчамі з цікавымі людзьмі, пастаянным самаразвіццём. І мы спадзяемся, што наша далейшае навучанне на факультэце будзе такім жа запамінальным і цікавым."

Іван Розум, Елісей Ягораў, студэнты 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны"