Канікулы — гэта час, які можна правесці, сумяшчаючы адпачынак з самаразвіццём, прысвячаючы свой вольны час таму, што прынясе карысць, задавальненне і эмацыйную разгрузку. Вядома, кожны сам выбірае, чым яму заняцца ў гэты час. Аднак, універсітэт заўсёды дае магчымасць працягнуць адкрываць для сябе навакольны свет і няспынна пазнаваць нешта новае нават часам законнага адпачынку. Для гэтага праводзяцца розныя мерапрыемствы і сустрэчы, якія можна аб'яднаць пад агульнай назвай «Зімовы ўніверсітэт».
Сёння, 28 студзеня, прайшла чарговая займальная анлайн-канферэнцыя, якая закранула досыць аб'ёмную тэму: канцэпцыі свабоды. Студэнты даведаліся, якім чынам людзі розных этнічных групаў – англасаксы, французы, германцы – ўспрымалі праблему свабоды свайго і іншых народаў, у тым ліку падуладных ім калоній, як трактавалася гэта паняцце ва ўсе часы.
Правёў лекцыю Коктыш Кірыл Яўгенавіч — кандыдат палітычных навук, палітолаг, дацэнт МДІМА, медыяэксперт і каментатар знешняй палітыкі Расіі, а таксама аўтар вялікай колькасці навуковых публікацый, якія зрабілі яго досыць вядомым чалавекам у гэтай сферы. Скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Кірыл Яўгенавіч працягнуў навучанне ў МДІМА, дзе зараз і выкладае на факультэце паліталогіі.
Госця прадставіў дэкан ФМА прафесар В. Г. Шадурскі, які падкрэсліў, што Кірыла Яўгенавіч цесна супрацоўнічае з факультэтам, падтрымлівае нашы ініцыятывы.
Бліжэй да канца канферэнцыі студэнты змаглі задаць усе цікавячыя іх пытанні, на якія атрымалі разгорнутыя адказы. Таксама былі ўзняты пытанні, што патрабуюць большага паглыблення ў прадмет. Гэта, несумненна, гаворыць аб тым, што ёсць мноства аб'ектаў для абмеркавання, якія могуць стаць адным з матываў для арганізацыі наступных анлайн-канферэнцый.
Варламаў Яўген, студэнт 1-га курса, спецыяльнасць "Міжнародныя адносіны"

