26 лістапада 2020 г. кафедра міжнароднага турызму ФМА БДУ сумесна з Еўрапейскай сеткай даступнага турызму (ENAT) і арганізацыяй «Аccessible Portugal» правялі вэбінар на тэму "Роля адукацыі і даследаванняў у развіцці інклюзіўнага турызму». У рамках вэбінара еўрапейскія эксперты і практыкі падзяліліся перадавым вопытам у арганізацыі навучання і даследаваннях, якія стымулююць даступнасць ў турызме ў Еўрапейскім саюзе. Вэбінар прыцягнуў каля 30 удзельнікаў, сярод якіх былі члены ENAT, прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (выкладчыкі, магістранты, студэнты), прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы інваліднасці.
Важна падкрэсліць, што Еўрапейская сетка даступнага турызму з'яўляецца найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй у сферы інклюзіўнага турызму. Першыя крокі ў кірунку супрацоўніцтва з ENAT былі зроблены ў 2018-2019 гг., калі супрацоўнікі кафедры міжнароднага турызму ў рамках камандзіровак наведалі шэраг міжнародных форумаў і канферэнцый у ЕС, дзе пазнаёміліся з прадстаўнікамі дадзенай арганізацыі і падзяліліся наяўнымі напрацоўкамі. Дадзены вэбінар быў спецыяльна арганізаваны з мэтай абмену вопытам і наладжвання больш цесных прафесійных кантактаў паміж БДУ і ENAT.
На вэбінары выступілі кіраўнікі ENAT — Аннаграцыя Лаура (прэзідэнт арганізацыі), Эміліяна Дзеферрары (віцэ-прэзідэнт) і Айвар Амброуз (кіруючы дырэктар). Акрамя таго, быў прадстаўлены вопыт развіцця і падтрымкі інклюзіўнага турызму ў Партугаліі. З боку БДУ вэбінар адкрыў дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Генадзьевіч Шадурскі, а вопыт навучання і даследаванняў у сферы інклюзіўнага турызму прадставіла старшы выкладчык кафедры міжнароднага турызму Наталля Барысенка-Клеяпач.
Матэрыялы вэбінара (відэазапіс і прэзентацыі ўдзельнікаў) у хуткім часе будуць даступны на сайце Еўрапейскай сеткі даступнага турызму па спасылцы для ўсіх жадаючых, хто не змог непасрэдна паўдзельнічаць анлайн.
Арганізацыя вэбінара была падтрымана праектам MOST, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Праект накіраваны на заахвочванне прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і партнёрамі з краін-членаў Еўрапейскага Саюза.