Подождите, идет загрузка сайта ...

4 лістапада 2020 г. у рамках чарговага пасяджэння Клуба «Творчая майстэрня перакладчыка» была арганізавана работа круглага стала «Французскі дзелавы этыкет: асаблівасці нацыянальнага характару».

Прынята лічыць: у аснове нацыянальнага характару французаў ляжыць іх цвёрдае перакананне ў тым, што яны з'яўляюцца выключнай нацыяй на еўрапейскім кантыненце. Гэта перакананне абумоўлена важнай гістарычнай роляй Францыі ў сусветнай гісторыі, а таксама падмацоўваецца асаблівасцямі французскай адукацыі і выхавання. Досыць часта французы простыя ў зносінах, нават фамільярныя, але адначасова могуць быць ганарыстымі і пыхлівымі, памятаючы пра сваё паходжанне. Пра асаблівасці нацыянальнага характару французаў распавяла (як заўсёды цікава, прыводзячы пераканаўчыя довады і суправаджаючы свой даклад аргументаванымі выкладкамі) студэнтка 4 курса Ганна Скрыган.

Абаяльнасць французаў зачароўвае многіх замежных партнёраў, але падтрымліваць з імі дзелавыя адносіны бывае вельмі складана. Многія французы досыць балюча ставяцца да сённяшняга выкарыстання англійскай мовы ў якасці міжнароднай мовы зносін, так як у мінулым мовай міжнародных перамоў і дыпламатычных сустрэч была выключна французская. Французы — вялікія прыхільнікі прамоўніцкага мастацтва, тыя, хто любіць ператвараць перамовы ў трэніроўку інтэлектуальных здольнасцяў. Абмеркаванне дэталяў, усіх аспектаў, планаваных бізнес адносін, патрабаванне тлумачэнняў па ўсіх пунктах прапановы будучага партнёра — асаблівасці французскага вядзення перамоваў. Таксама часта французы любяць палеміку і дыскусіі падчас перамоўнага працэсу, паважаюць здольнасць партнёра па перамовах эфектыўна і незалежна ад чужога меркавання абараняць сваю пазіцыю. Правілы і тонкасці вядзення перамоваў у Францыі былі ярка і пераканаўча сфармуляваны ў выступе студэнткі 4 курса Яўгеніі Яцковай.

Якія рысы характару ўласцівы выключна французам? Чаму з партнёрамі яны імкнуцца ўсталяваць цеснае асабістае супрацоўніцтва? Як хутка французы гатовы прыняць станоўчае рашэнне падчас перамоваў? За кім заўсёды апошняе слова? Ці карыстаюцца жанчыны павагай мужчын не толькі ў звычайных сітуацыях, але і ў бізнэсе? Чаму для французаў дзелавы абед больш прымальны, чым вячэра? Ці прадугледжвае сумесная трапеза абмеркаванне дзелавых пытанняў?

Адказы на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні паспрабавалі знайсці студэнты спецыяльнасці "Міжнароднае права".

А. В. Тучынскі, старшы выкладчык кафедры раманскіх моў