30 кастрычніка 2020 г. у рамках Міжнароднага навуковага форуму "Міжнароднае гуманітарнае права вачыма беларускай навуковай грамадскасці" ў анлайн фармаце адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Сучасныя тэндэнцыі развіцця Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і міжнароднага гуманітарнага права». Арганізатарамі дадзеных мерапрыемстваў выступілі факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа.
Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова генеральнага сакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Вольгі Віктараўны МЫЧКО, якая падкрэсліла важнасць стварэння дыскусійнай пляцоўкі на базе факультэта міжнародных адносін БДУ для пошуку адказаў на пытанні прававога ўрэгулявання гуманітарных крызісаў, у прыватнасці, выкліканых пандэміяй COVID-19. Затым гасцей і ўдзельнікаў павітала намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін па навукова-даследчай рабоце Алена Вітальеўна ПІЛЬГУН.
З вітальнымі зваротамі таксама выступілі часова выконваючы абавязкі Кіраўніка Прадстаўніцтва Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Беларусі, Малдове і Расіі Аляксандр Станіслававіч МАРДОВІН, рэгіянальны каардынатар МКЧК па прававых пытаннях у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Андрэй Леанідавіч КОЗІК, а таксама памочнік Кіраўніка Місіі міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Андрэевіч НАВІЦКІ.
У рамках анлайн-канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі найноўшыя выклікі і пагрозы ў галіне ўзброеных канфліктаў, іх уплыў на развіццё міжнароднага гуманітарнага права, а таксама прапанавалі магчымыя спосабы па іх урэгуляванні. Удзельнікамі былі прадстаўлены даклады, якія закранаюць пытанні сучасных выклікаў міжнароднага гуманітарнага права і пандэміі COVID-19, дзейнасці БТЧК па рэагаванні на выбліск віруса і інш. У рабоце міжнароднай канферэнцыі ў анлайн рэжыме прынялі ўдзел больш за 60 чалавек. У канферэнцыі прымалі ўдзел прадстаўнікі юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Ізраільскага Інстытута Правасуддзя і іншых устаноў. Выступы суправаджаліся актыўнымі абмеркаваннямі і дыскусіямі. У рамках падвядзення вынікаў канферэнцыі арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемства таксама закранулі пытанне далейшага плённага супрацоўніцтва. Па выніках працы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў.
Дар'я Махнач, спецыяліст Цэнтра міжнародных даследаванняў факультэта міжнародных адносін БДУ