27, 29 і 30 кастрычніка выкладчыкі шведскай мовы ФМА разам са сваімі студэнтамі 3 і 4 курсаў прынялі ўдзел у анлайн-сустрэчах з Ільвай Бірман, выкладчыкам шведскай мовы ва ўніверсітэце Гетэборга. Таксама Ільва супрацоўнічае са Шведскім радыё ў якасці эксперта ў праграме «Мова», дзе адказвае на звязаныя з сучаснай шведскай мовай пытанні слухачоў.
Запрошаны лектар распавяла аб актуальных тэндэнцыях развіцця шведскай мовы, неалагізмах, а таксама стылістычных асаблівасцях выкарыстання шведскай мовы ў сацыяльных медыя. Акрамя гэтага Ільва Бірман параіла анлайн-рэсурсы, якія можна выкарыстоўваць пры вывучэнні шведскай мовы, і адказала на пытанні ўдзельнікаў заняткаў.
Мерапрыемства было арганізавана Цэнтрам шведскіх даследаванняў пры падтрымцы Шведскага інстытута.